Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электроннае выданьне «Ежедневник» і часопіс «Бізнэс-рэвю» склалі сьпіс самых багатых бізнэсоўцаў з суседніх краінаў, якія працуюць на беларускім рынку. Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце

"Ежедневник" і часопіс "Бізнэс-рэвю" высьвятлялі, хто зь мільянэраў-суседзяў мае бізнэс у Беларусі. Многія па-суседзку спрабуюць знайсьці на беларускім рынку сваю нішу. І хоць не ва ўсіх атрымоўваецца, можна сказаць, што ўсталяваўся нейкі парытэт: колькі бізнэсаў па самых розных прычынах пакідае Беларусь, прыкладна столькі ж штогод і прыбывае.

Ня стаў выключэньнем і мінулы год. Уладзімера Патаніна, які ў выніку зьдзелкі з францускай фінансавай групай Société Générale пазбавіўся свайго апошняга актыву на беларускай зямлі – пакету акцый у «Белросбанку», і Міхаіла Балыкіна, які выйшаў з праекту "Менск-Сіці», зьмянілі Сулейман Керымаў, Філарэт Гальчаў і Аляксандар Нэсіс. З 2010 года Керымаў, Гальчаў і Нэсіс – саўладальнікі «Уралкалію» і, такім чынам, цяпер маюць самае непасрэднае дачыненьне да трэйдэра - «Беларускай калійнай кампаніі».

Ва ўмовах паўзучай беларускай прыватызацыі замежных мільянэраў, якія інвэстуюць у беларускую эканоміку, ня так шмат, як, можа, і трэба было б. Але на самой справе іх ня так і мала. Асабліва прадстаўнікоў буйнога расейскага бізнэсу, які сур'ёзна ўкараніўся ў розных галінах беларускай эканомікі і з кожным годам нарошчвае тут сваю прысутнасьць.

Мы вывучылі наша суседзкае асяродзьдзе з пункту гледжаньня ўзроўню інтэграцыі яго буйных бізнэсаў у айчынную эканоміку. Для гэтага мы выкарысталі дадзеныя дзелавых выданьняў пяці суседніх краін. На падставе адзнак станаў расейскіх (крыніца - расейская вэрсія часопіса Forbes), польскіх (Wprost), украінскіх (Карэспандэнт), літоўскіх (Veidas) і латвійскіх (VIP Lounge, падрыхтаваны Baltic Screen) бізнэсоўцаў былі падрыхтаваныя дзьве зводныя вэрсіі топ-100 самых багатых прадпрымальнікаў-суседзяў. Адна вэрсія – з улікам капіталаў расейскіх прадпрымальнікаў. Іншая – без уліку, для разуменьня таго, на чым робяць бізнэс і грошы суседзі Беларусі, акрамя як на эксплюатацыі сыравінных рэсурсаў.

У выніку ў першы варыянт рэйтынгу змаглі ўвайсьці прадстаўнікі толькі трох краін - 81 расеец, 13 украінцаў і 6 палякаў. Занадта высокім аказаўся парог уваходу для прадстаўнікоў менш значных у сусьветным маштабе эканомік дзьвюх прыбалтыйскіх краін. У самога багатага іх прадстаўніка – літоўца Браніславаса Лубіса па вэрсіі Veidas ў 2010 годзе было 480 млн. Аб тым, што парог нашага рэйтынгу аказаўся вельмі высокі, кажа і наяўнасьць у ім 79 мільярдэраў – 62 расейцы, 12 украінцаў і 4 палякі.

Аднак, нягледзячы на перавагу ў топ-100 расейскага бізнэсу (і па колькасьці, і па сукупным стане), самым багатым суседам па выніках 2010 года аказаўся ўкраінскі мільярдэр Рынат Ахмэтаў. Яго капітал на 2 млрд даляраў большы за капітал самага багатага расейца, мэталюрга Уладзімера Лісіна.

На чым жа можна зарабіць мільярд ці крыху менш?

У расейцаў і ўкраінцаў выразна праглядаюцца прыярытэты. Пераважная колькасьць фігурантаў нашага сьпісу ад Расеі – гэта бізнэсоўцы, якія занятыя ці калісьці пачыналі бізнэс у сыравінных галінах.

Тыя рэдкія кандыдаты ад несыравінных галінаў, якія трапілі ў гэты сьпіс, Расею прадстаўляюць у асноўным фінансавы сэктар (браты Ананьевы, браты Саркісавы), будаўніцтва (Малчанаў, Балакін), а таксама гандаль (Галіцкі, Кесаеў, Тарык).

У ўкраінскіх мільярдэраў у аснове іх цяперашняга дабрабыту таксама ёсьць або была блізкасьць да крыніцы сыравіны. Але ў адрозьненьне ад Расеі – толькі адной: вугалю і коксу. З 17 удзельнікаў рэйтынгу ад нашай паўднёвай суседкі 10 зрабілі сабе імя і грошы «там, на шахце вугальнай».

У гэтым пляне польскі ўдзел у рэйтынгу максымальна дывэрсыфікаваны – ёсьць і паліўна-энэргетычны комплекс, ёсьць фінансы, ёсьць тэлекамунікацыі, і ёсьць вытворчасьць спажывецкіх тавараў. У асобных, на першы погляд, вельмі вузкіх галінах польскія кампаніі ўжо цяпер зьяўляюцца лідэрамі ў адной з самых канкурэнтных эканомік сьвету – эканоміцы ЭЗ. І сваім прыкладам паказваюць беларускім бізнэсоўцам, куды рухацца, калі пад рукой няма невялікага нафтавага заводзіка або пары газавых вышак. ....

З мінулага году ў Менску дзейнічае прадстаўніцтва інвэстыцыйнага банку «Рэнэсанс Капітал», адным з акцыянэраў якога зьяўляецца Міхаіл Прохараў. Прадстаўніцтва знаходзіцца ў цесных кантактах зь беларускімі ўладамі і прыватнымі бізнэсамі, зацікаўленымі ў яе паслугах.

Ня сьпісваецца з рахункаў, хоць з моманту выяўленьня цікавасьці да аб'ектаў прайшло ўжо шмат часу, удзел Уладзімера Еўтушэнкава ў «Інтэграле» і «Белінтурысьце». Магчыма, і наш зямляк Андрэй Мельнічэнка можа пагадзіцца на цану, якую яму назвалі беларускія ўлады за акцыі Гомельскага хімічнага заводу. Дарэчы, Мельнічэнка – не адзіны ураджэнец Беларусі ў гэтым сьпісе. Акрамя былога гамяльчаніна ў топ-100 патрапілі два былыя менчукі – Міхаіл Абызаў і Дзьмітры Мазепін.

Ёсьць яшчэ два праекты, рэалізацыя якіх дазволіць павялічыць прадстаўніцтва мільянэраў у беларускай эканоміцы. Самы багаты паляк сьвету Ян Кульчык ужо досыць далёка прасунуўся ў перамоўным працэсе па будаўніцтве ў Беларусі Зэльвенскай ДРЭС. У адрозьненьне ад яго ва Ўладзіміра Багданава няма посьпеху ў перамовах наконт «Нафтану». Больш таго, у выпадку прыватызацыі гэтага прадпрыемства найбольш верагодным прэтэндэнтам на куплю называецца дзяржаўная «Роснафта». Але «Сургутнафтагаз» па-ранейшаму не скідаецца з рахункаў, тым больш што ён разам з «Лукойлам» і «Роснафтай» зьяўляецца адным з трох галоўных пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь.

Таксама адзначым, што шэраг фігурантаў гэта сьпісу раней мелі актывы ў Беларусі, але па розных прычынах былі вымушаныя зь імі разьвітацца. У Патаніна, які згадваўся ў самым пачатку матэрыялу, калісьці быў вельмі салідны партфэль беларускай уласнасьці. Адзін час мільярдэру належалі буйны пакет у «МенскКомплексБанку», страхавая кампанія «Белстрахінвэст», доля ў «Белгазэце» і мэдыйны холдынг «БелКП-прэс» на чале з «Комсомольской правдой в Белоруссии».

Украінскаму мільярдэру, зяцю былога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы Віктару Пінчуку ў канцы 1990-х гадоў удалося купіць пакет у профільным для яго Магілёўскім мэталюргічным заводзе. Але з пачаткам працэсу адзяржаўленьня ў Беларусі бізнэсовец палічыў за лепшае пазбавіцца ад гэтага актыву.

Пётр Кандрашоў і Анатоль Ламакін да 2005 году былі партнэрамі «Беларуськалію» па супольнай трэйдэрскай кампаніі МКК.

Міхаіл Фрыдман і яго партнэры па «Альфа-груп» і цяпер валодаюць значнай уласнасьцю ў Беларусі, але да 2008 году ім належаў і пакет акцый у бровары «Сябар». Ён быў прададзены Heineken.
XS
SM
MD
LG