Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі яшчэ чакаць жыхарам памежжа?


Ад сёньняшняга дня ў Менску працуе новы амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка. А напярэдадні прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі ў мястэчку Кузьніца, што на польска-беларускай мяжы, заявіў пра нежаданьне беларускага боку далучыцца да сыстэмы спрошчанага перасячэньня мяжы жыхарамі прымежных раёнаў абедзьвюх краін. Пра лёс гэтага пагадненьня, а таксама аналягічных дакумэнтаў, падпісаных зь Літвою і Латвіяй.

Аляксандар Лукашэнка дагэтуль не падпісаў пагадненьне з Польшчай аб спрошчаным перасячэньні мяжы. Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавалі гэты дакумэнт у лістападзе 2010 году. Польшча ўсе неабходныя працэдуры выканала яшчэ мінулым летам.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тры месяцы таму ў інтэрвію "Свабодзе" прагназаваў: афіцыйны Менск ня пойдзе на спрошчанае перасячэньне мяжы да заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў. А што можна прагназаваць сёньня, калі выбары адбыліся?

Раман Якаўлеўскі ўпэўнены: кіраўнік Беларусі яшчэ доўга ня будзе падпісваць пагадненьне з Польшчай:

Раман Якаўлеўскі
"Апошнія заявы альбо публічны абмен думкамі таксама пацьвярджаюць гэта. Я маю на ўвазе абразьлівыя словы на адрас міністра замежных спраў Сікорскага ў Менску і апошнюю заяву Камароўскага ў Кузьніцы.

Сытуацыя напружаная. Увосень у Польшчы адбудуцца парлямэнцкія выбары. І я думаю, што калі летась на прэзыдэнцкіх выбарах беларуская тэма толькі згадвалася, то на парлямэнцкіх яна будзе адной з самых гучных".

Пагадненьне аб памежным бязьвізавым руху грамадзян Беларусі і Польшчы значна спрашчае парадак перамяшчэньня жыхароў, якія жывуць у зоне да 30 кілямэтраў з абодвух бакоў ад дзяржаўнай мяжы. Гэта — жыхары Горадні, Берасьця, Жабінкі, Пружанаў і Маларыты, а з польскага боку — Бяла-Падляскі. Да таго ж і кошт спэцыяльнага дазволу ўтрая меншы — толькі 20 эўра.

Гэткія самыя правілы і для жыхароў памежжа з Латвіяй і Літвою. З латышамі сытуацыя з пагадненьнем нагадвае польскую. Зь літоўцамі — трохі адрозьніваецца: іх парлямэнт яшчэ не разглядаў пытаньня аб ратыфікацыі.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае: візавыя праблемы робяцца прадметам спэкуляцыі для беларускага кіраўніцтва:

Аляксандар Класкоўскі
"Вось, маўляў, Захад збудаваў мур і не пускае да сябе беларусаў. Але калі гэтыя праблемы даходзяць да рэалізацыі, то мы бачым, што тормаз якраз зь беларускага боку.

Я думаю, што калі б беларускім уладам пашанцавала неяк праскочыць праз прэзыдэнцкія выбары і каб яны не сарваліся на брутальнасьць, то, магчыма, гэты працэс пайшоў бы трошкі шпарчэй. А цяпер беларускія ўлады дзейнічаюць паводле такога побытавага прыслоўя — калі ўжо пайшла такая п'янка, то рэж апошні агурок. І ўжо зараз пайшло гэтае "мясілава" з Захадам. І мы бачым, як ужываюцца абсалютна непаліткарэктныя рытарычныя прыёмы. Мне падаецца, што пагадненьні аб малым памежным руху сталі закладнікамі халоднай вайны Беларусі з Эўропай".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG