Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя ў Менску на арабскія рэвалюцыі


Афіцыйныя СМІ Беларусі вельмі сьціпла паведамляюць пра падзеі ў арабскім сьвеце, ахопленым паўстаньнямі супраць мясцовых дыктатараў. МЗС Беларусі і афіцыйныя палітыкі таксама імкнуцца абмінаць гэтыя падзеі ўвагай, за выключэньнем А. Лукашэнкі, які днямі публічна выказаўся на гэтую тэму.

Пра падзеньне рэжымаў у Тунісе і Эгіпце, драматычныя падзеі ў Лібіі, Бахрэйне, Емэне беларусы даведваюцца пераважна з замежных СМІ і інтэрнэту. Паўстаньне лібійцаў супраць дыктатара Муамара Кадафі Першы канал БТ сёньня раніцай увогуле не заўважыў, хаця пажар у Эстоніі і паводку ў Польшчы згадаў. Прэсавая сакратарка Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Красоўская ня бачыць тут ніякай рэдакцыйнай палітыкі:

"Белтэлерадыёкампанія ў сваіх выпусках навін, у сюжэтах асьвятляе ўсе падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце, як станоўчыя, гэтак і ня вельмі радасныя. Акрамя таго, кампанія пакідае за сабою права фармаваць самім сваю сетку вяшчаньня і выбудоўваць свае сюжэты такім чынам, як лічыць патрэбным".

МЗС Беларусі з нагоды падзей у арабскім сьвеце выступіў з кароткім камэнтаром свайго прэсавага сакратара Андрэя Савіных:

Андрэй Савіных
"МЗС Беларусі ўважліва сочыць за падзеямі ў шэрагу краін Паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу (Туніс, Эгіпет, Лібія, Емэн, Бахрэйн, Іярданія). Мы выказваем надзею на як найхутчэйшае аднаўленьне стабільнасьці ў дадзеных краінах".

Першым з афіцыйных палітыкаў з разгорнутым камэнтаром пра падзеі ў гэтым рэгіёне выказаўся Аляксандар Лукашэнка, які абвінаваціў Захад у тым, што той здрадзіў былым саюзьнікам — кіраўнікам Эгіпту і Тунісу— і патурае ісламісцкім настроям:

Аляксандар Лукашэнка
"Яны кінулі сваіх візаві, кінулі гэтых прэзыдэнтаў і пачалі патрабаваць дэмакратыі. Натуральна, калі б увесь сьвет, і асабліва эўрапейцы, амэрыканцы, выступілі супраць залішняй ісламізацыі арабскага Ўсходу, калі б яны выступілі супраць гэтай радыкалізацыі, напэўна, можна было б гэты пажар затушыць. Але яны гэтага не зрабілі".

Праўладны палітык Сяргей Касьцян называе рэвалюцыі ў арабскім сьвеце невыпадковымі падзеямі:

Сяргей Касьцян
"З аднаго боку, там людзі даведзеныя да галечы і голаду, а з другога боку, гэта ўсё сплянавана і рэалізавана пэўнымі коламі на Захадзе, і ў тым ліку ў ЗША".

Цікавасьць Захаду да гэтага рэгіёна зьвязаная перш за ўсё з нафтай, перакананы Сяргей Касьцян. Ён ня лічыць, што арабскія рэвалюцыі выкліканыя тым, што Мубарак і Кадафі надта доўга і несправядліва правілі ў сваіх краінах. У Беларусі такое паўтарыцца ня можа, кажа спадар Касьцян, нягледзячы на тое, што і беларускі прэзыдэнт доўга не пакідае пасады:

"Іншы раз чалавеку для таго, каб нешта пэўнае і добрае зрабіць для краіны, патрэбна цэлае жыцьцё. І жыцьця гэтага іншы раз мала. Справа ў тым, што і каму зараз патрэбна".

Апазыцыйны палітык Уладзімер Ганчарык ацэнку падзеяў у арабскім сьвеце А. Лукашэнкам і ягонымі прыхільнікамі называе крывадушнай, а тое, што афіцыйныя СМІ не паведамляюць пра падзеі ў Эгіпце і Лібіі, на яго думку, цалкам упісваецца ў іх прапагандысцкі імідж. Афіцыйныя СМІ не паведамляюць праўды і пра тое, як у Беларусі растуць цэны, і пра тое, што насамрэч адбылося ў Менску 19 сьнежня.

Сам спадар Ганчарык гэтак ацэньвае падзеі ў арабскім сьвеце:

Уладзімір Ганчарык
"Народны бунт. Народу надакучылі гэтыя "доўгажыхары". Чым больш адукаваная моладзь, тым большая ў яе цяга да дэмакратыі і супраць аўтарытарызму. Нашым таксама трэба рабіць нейкія высновы з гэтай сытуацыі. Вельмі доўга там правяць, надакучылі".

Спадар Ганчарык гэтак адказаў, чаму Беларусі, у адрозьненьне ад Эгіпту і Тунісу, не ўдаецца пазбавіцца свайго "доўгажыхара" ва ўладзе:

"Напэўна, яшчэ не сасьпела сытуацыя. Але давайце вернемся да пачатку 90-х — тады таксама падавалася, што нічога ня будзе. Але ж адбылося, і выйшлі людзі. Але ў мяне ёсьць пачуцьцё, што цяпер штосьці высьпявае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG