Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыўрадавыя пратэсты ў Лібіі ў ноч на 21 лютага дасягнулі сталіцы краіны Трыпалі. У сутычках дэманстрантаў зь сіламі бясьпекі і войскам загінулі больш за 200 чалавек. Сaйф-аль-Іслам, сын кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, заявіў, што краіне пагражае грамадзянская вайна, якая можа падарваць яе эканоміку, абапертую на экспарце нафты.

Дэманстранты ў Трыпалі падпалілі некалькі ўрадавых будынкаў, уключна зь сядзібай лібійскага парлямэнту. Паводле відавочцаў, у пратэстоўцаў страляла войска з кулямётаў і снайпэры на дахах. Гэтыя данясеньні цяжка праверыць, паколькі ўсе замежныя рэпартэры былі выдвараныя зь Лібіі.

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла, што з 17 лютага, калі пачаліся пратэсты супраць 42-гадовага кіраваньня краінай Муамарам Кадафі, у Лібіі загінулі ня менш за 233 чалавекі.

Мінулай ноччу на лібійскім тэлебачаньні са зваротам да народу выступіў сын Муамара Кадафі, Сайф-аль-Іслам, які папярэдзіў лібійцаў аб небясьпецы грамадзянскай вайны:

– Лібія – гэта не Эгіпет, – сказаў ён. – Яна складаецца з плямёнаў і кланаў. Гэта не грамадзянскія супольнасьці з партыямі і таму падобным. Гэта магло б давесьці да грамадзянскай вайны, і мы паўтарылі б грамадзянскую вайну 1936 году. Лібія – гэта не Туніс і не Эгіпет. У Лібіі ёсьць нафта, якая аб’яднала ўсю краіну, гэта была адна з галоўных прычынаў еднасьці Лібіі.

Сайф-аль-Іслам паабяцаў палітычныя рэформы і прызнаў "памылкі" паліцыі і войска.

Сайф-аль-Іслам таксама запярэчыў чуткам, што ягоны бацька пакінуў краіну, кажучы, што Муамар Кадафі "кіруе бітвай" з Трыпалі.

Рэакцыя ўладаў на пратэсты ў Лібіі зьяўляецца самай жорсткай, калі ўзяць пад увагу хваляваньні ў арабскім сьвеце, якія пачаліся ў Тунісе, а потым закранулі Эгіпет, Емэн, Альжыр, Бахрэйн. Аналітыкі зьвязваюць гэтую рэакцыю з большай, чым у іншых арабскіх краінах, ступеньню рэпрэсіўнасьці рэжыму Муамара Кадафі.

– Туніс і Эгіпет – гэта ўсё ж былі аўтарытарныя рэжымы, а не таталітарныя. Рэжым Кадафі – амаль таталітарны. Ад такіх рэжымаў вельмі цяжка чакаць нейкіх унутраных зьменаў, – сказаў расейскай службе нашага радыё аналітык-арыенталіст Георгій Мірскі. – Сам факт, што разгарнуліся такія падзеі, што ўлада трашчыць па ўсіх швах, кажа аб тым, што сыстэма, нават калі ацалее, хістаецца. І можна рабіць высновы. Калі так званая стабільнасьць разбураецца, магчымыя самыя непрыглядныя варыянты – грамадзянская вайна, ісламісты і так далей. Ні да чога добрага стабільнасьць, заснаваная на аўтарытарным кіраваньні, не прыводзіць. І другая выснова: кіраўнік, які дзясяткі гадоў стаіць ля ўлады, настолькі верыць у сваю бязгрэшнасьць, што ўжо перакананы ў тым, што ён будзе жыць да канца. Кадафі быў перакананы, што памрэ ў сваім шатры.

Тым часам у Емэне працягваюцца вулічныя пратэсты супраць прэзыдэнта Алі Абдула Саліха. Саліх сёньня заявіў, што пойдзе ў адстаўку толькі ў выніку выбараў.

А ў Бахрэйне зьявіўся шанец на дыялёг паміж апазыцыяй і ўрадам. Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і міністар замежных спраў Савудаўскай Арабіі прынц Савуд аль-Файсал пагадзіліся падтрымаць гэты дыялёг.
XS
SM
MD
LG