Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытыка дапамогі Эўразьвязу для Беларусі


Донарская канфэрэнцыя ў Варшаве

Донарская канфэрэнцыя ў Варшаве

Паўль Флюкігер піша ў сёньняшнім нумары аўстрыйскай газэты Die Presse аб неадназначнай рэакцыі беларускай грамадзянскай супольнасьці на дапамогу з боку Эўразьвязу. Прапануем вам азнаёміцца са зьместам гэтага артыкулу.

Шматлікія няўрадавыя арганізацыі маюць адмоўны досьвед дапамогі з боку Эўразьвязу. Большая частка захадаў дапамогі па падтрымцы грамадзянскай супольнасьці ідзе на беларускія ініцыятывы ў эміграцыі, і толькі малая рэшта дастаецца арганізацыям у самой Беларусі.

Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне і блізкі да ўлады друк разгарнулі апошнімі днямі беспрэцэдэнтную кампанію ачарненьня супраць міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Шэф польскай дыпляматыі, мабыць «захварэў на сьвіны грып і спрабуе гуляць у эўразьвязаўскага паліцыянта», вяшчаюць дзяржаўныя мэдыі.

Прычына, паводле аўтара, хаваецца ў тых 87 мільёнах эўра, якія беларуская грамадзянская супольнасьць атрымае ад удзельнікаў канфэрэнцыі "Салідарнасьць зь Беларусьсю", якая адбылася ў Варшаве на пачатку лютага. У тым, што сродкі будуць выкарыстаныя эфэктыўна, у менскай апазыцыі сумняваюцца. Бо значную долю выдзеленых сродкаў атрымае польская радыёстанцыя Radio Racja, а таксама спадарожнікавы тэлеканал Belsat. Шмат якія ўрады хацелі б падтрымаць Эўрапейскі гуманітарны інстытут, які пасьля выгнаньня зь Менску ў 2004 годзе цяпер працуе ў Вільні. Ён застаецца найважнейшым прытулкам для соцень беларускіх студэнтаў, якія за ўдзел у пратэстах пераважна пад ціскам КДБ выключылі з ВНУ.

«Падтрымліваць замежныя праекты няцяжка, аднак міжнароднай супольнасьці варта было б падумаць, як можна было б падтрымаць грамадзянскую супольнасьць непасрэдна ў Беларусі», - выказвае крытычную думку галоўны рэдактар апазыцыйнай газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько. «Гэтая дапамога – важны маральны сыгнал для нас беларусаў, аднак шмат якія праекты аказваюцца неэфэктыўнымі», - дадае колішні лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Рэакцыя на нечаканую фінансавую дапамогу тых няўрадавых арганізацый і фондаў, якія шмат гадоў дзейнічаюць у самой Беларусі, таксама неадназначная. Рашэньні варшаўскай канфэрэнцыі донараў назвалі «бяздумнымі» і «таннай рэклямай Польшчы» многія ўдзельнікі каардынацыйнай сустрэчы няўрадавых арганізацыяў, якая нядаўна прайшла ў Вільні. Сумны досьвед шмат якія няўрадавыя арганізацыі маюць і з ранейшай дапамогай ЭЗ, якая ў 2010 годзе склала каля 4 мільёнаў эўра. Паводле Штэфана Малерыюса, кіраўніка віленскага бюро нямецкага Фонду імя Конрада Адэнаўэра, які займаецца праблемамі Беларусі, рэалізацыю эўрапейскіх праграм дагэтуль заўсёды тармазіла бюракратыя.

Тым часам прэзыдэнт Лукашэнка кпіць ня толькі з Польшчы. Крытыку Захадам здушэньня апазыцыі ён сустрэў у суботу, паціснуўшы плячыма. Паводле яго за гэтай крытыкай стаяць «злыя і непрыстойныя людзі». Ён назваў апазыцыянэраў «бандытамі», якія «атрымаюць па галаве на ўсю катушку, калі паспрабуюць дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG