Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WikiLeaks: рост беларускай эканомікі грунтуецца на дарагой нафце


Беларускія ўлады могуць заніжаць сапраўдныя памеры прыбытку, які яны атрымліваюць ад перапрацоўкі расейскай нафты, і частку яго пераводзіць ў пазабюджэтныя фонды. Аб гэтым супрацоўнікі амбасады ЗША ў Менску дакладвалі свайму ўраду яшчэ 16 лістапада 2005 году.

Як гаворыцца ў дыпляматычным данясеньні ад 16 лістапада 2005 года, які аказаўся ў распараджэньні сайту WikiLeaks і быў перададзены яго прадстаўніком Ісраэлем Шамірам інтэрнэт-газэце Naviny.by, «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод імпартуе амаль усю сваю сырую нафту з Расеі па льготных расейскіх унутраных цэнах, і прадае яе на захад па сусьветных цэнах. Гэта прыносіць МНПЗ і ўраду Беларусі сотні мільёнаў даляраў штогод, і, верагодна, спрыяе назапашваньню дадатковых мільёнаў на пазабюджэтных рахунках Лукашэнкі».

У дэпэшы гаворыцца, што ў 2004 годзе мазырскае прадпрыемства атрымала 133000000 даляраў ЗША чыстага прыбытку - «ўдвая больш, чым яно зарабіла ў 2003 годзе». А ў першай палове 2005 года прыбытак завода склала 117400000 даляраў ЗША - «у тры разы больш, чым за той жа перыяд у 2004 годзе».

Разам з тым, аўтары дакумэнта падкрэсьліваюць, што «названыя вышэй сумы прыбытку заснаваныя на афіцыйна апублікаванай інфармацыі, якая, здаецца, заніжае прыбытак МНПЗ.

"У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі эканамічнаму супрацоўніку амбасады сказалі, што дадзеныя аб кошце перапрацоўкі тоны нафты засакрэчаныя. Нягледзячы на гэта, падаецца верагодным, што завод зарабіў больш, чым паказваюць афіцыйныя дадзеныя, што пацьвярджае чуткі аб тым, быццам Лукашэнка зарабляе грошы на перапрацоўцы нафты для сваіх пазабюджэтных фондаў".


Магчыма, гэтая дэпэша амбасады ЗША адыграла важную ролю ва ўвядзеньні праз два гады амэрыканскіх санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, як вядома, зьяўляюцца «галінаўтваральнымі» прадпрыемствамі беларускага дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім». Добра разумеючы, як нанесьці ўраду Беларусі найбольш балючы ўдар, 13 лістапада 2007 году міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненьні менавіта гэтага канцэрну.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандр Казулін, у свой час абвешчаны шэрагам міжнародных праваабарончых арганізацый палітычным зьняволеным, лічыць, што «не спыненьне кантактаў зь Беларусьсю на самым высокім узроўні і не візавыя санкцыі, а толькі ўвядзеньне эканамічных санкцый з боку Злучаных Штатаў у 2008 годзе» дазволілі яму выйсьці на волю.

У верасьні 2008 году, пасьля вызваленьня з турмаў Казуліна і іншых апазыцыйных палітыкаў, ЗША на паўгода зьмякчылі абмежавальныя меры ў дачыненьні да такіх прадпрыемстваў канцэрну, як ААТ «Лакафарба» і ААТ «Полацк-Шкловалакно». Дзеяньне гэтага рашэньня неаднаразова працягвалася, пакуль 31 студзеня 2011 г., у сувязі з новымі арыштамі апазыцыянэраў у Беларусі, ЗША не абвясьцілі аб аднаўленьні санкцый у дачыненьні да дадзеных кампаній.

14 лютага кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, эўрадэпутат ад Польшчы Яцэк Пратасевіч заявіў, што калі арыштаваныя ў Беларусі апазыцыянэры будуць асуджаныя, то і Эўразьвяз ужыве эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Менску. Яны могуць уключаць як адмову ад выдзяленьня крэдытаў, так і прыпыненьня гандлёвых сувязяў зь Беларусьсю, у тым ліку ў вайсковай і энэргетычнай сфэрах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG