Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка вярнуўся з Сочы, і выступіў з шэрагам даволі важных заяваў. Гэта было першае зьяўленьне беларускага кіраўніка на публіцы за апошнія два тыдні.

Аляксандар Лукашэнка працягнуў тую лінію, якую ён разьвівае ў адносінах з Захадам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта даволі бескампрамісная лінія на канфлікт, на пагаршэньне адносінаў. Лукашэнка чарговы раз заявіў, што яго не цікавіць рэакцыя Захаду на пашырэньне ідэалягічнага канфлікту з краінамі Эўропы і на дзеяньні беларускай улады ўнутры краіны.

"Пляваць я хацеў на ўсе іх камэнтары. Гэта злыя і непрыстойныя людзі. Зь імі нельга ні размаўляць, ні выбудоўваць адносіны, – сказаў Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе крытычную рэакцыю Захаду на першы прысуд удзельніку Плошчы. Відавочна, Лукашэнку рыхтуе беларускую грамадзкую думку да кардынальнага пагаршэньня адносінаў з Эўропай і ЗША – маўляў, яны злыя і непрыстойныя, таму і выступаюць з санкцыямі. Мы бачым, што зараз адбываецца з афіцыйнымі СМІ, якія нібыта з ланцуга сарваліся ў антызаходнім шале, асабліва дастаецца немцам і палякам.


Дзьве тэзы пра апазыцыю


Падчас адказваў на пытаньні журналістаў Лукашэнка таксама выказаўся пра
Лукашэнка імкнецца укараніць у сьвядомасьці беларусаў фармулёўку – "апазыцыя – гэта вайна".
апазыцыю. Тут прагучала два тэзіса. Па-першае, Лукашэнка імкнецца укараніць у сьвядомасьці беларусаў фармулёўку – "апазыцыя – гэта вайна". Менавіта так выказаўся сам Лукашэнка, гаворачы, што гэта ўжо ўбіта ў памяці людзей. Тут, дарэчы, ужыты такі вядомы дэмагагічны ход – нейкую спрэчную і непраўдзівую думку падмацоўваць фразамі накшталт "як добра ўсім вядома", "як лічыць большасьць" і гэтак далей.

Другі тэзіс Лукашэнкі – пра магчымасьць зьяўленьня канструктыўнай апазыцыі. "Хоча апазыцыя канструктыўная зьявіцца – хай зьяўляецца" – сказаў Лукашэнка. "Я хачу, каб у нашай краіне людзі не толькі на кухнях шапталіся і нешта абмяркоўвалі, я хачу, каб людзі, як сапраўдныя беларусы,
Лукашэнка разумее, што трэба даць выпусьціць пару, што незадавальненьне, якое назапашваецца на кухнях, можа калісьці выбухнуць.
прыстойныя, абмяркоўвалі праблемы", -- сказаў Лукашэнка. Па-першае, гэта паказвае, што Лукашэнка разумее, што трэба даць выпусьціць пару, што незадавальненьне, якое назапашваецца на кухнях, можа калісьці выбухнуць.

Гэта можна было б успрымаць як звычайную традыцыйную рыторыку кіраўніка дзяржавы, але апошнім часам якраз у асяродзьдзі самой апазыцыі ўзмацніліся размовы пра тое, што апазыцыя зараз дзеліцца на тую, якая змагаецца з рэжымам і тую, якая супрацоўнічае зь ім. Магчыма, судовыя працэсы і пытаньне эканамічных санкцыяў правядзе яшчэ большы водападзел. Ці прыкладзе тут сваю руку ўлада, ці пажадае накіраваць гэты працэс у патрэбнае рэчышча, цяжка сказаць. Пакуль Лукашэнка абыходзіўся без кішэннай апазыцыі, але падзеі 19 сьнежня могуць пераканаць яго, што бяз гэтага не абысьціся.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG