Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні выпусьцілі Артура Раманчука


20 лютага ў Горадні выйшаў на волю Артур Раманчук, які сядзеў за Плошчу.

Дзевяць дзён Артур Раманчук знаходзіўся ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Горадні. За кратамі ён другі раз. Пасьля затрыманьня на плошчы ў Менску Артур спачатку трапіў на Акрэсьціна. Затым, пасьля суду, дзе яму далі дванаццаць сутак арышту і даставілі ў жодзінскую турму. Праз трое сутак яго выпусьцілі. Аднак у лютым Артура Раманчука змусілі вярнуцца за краты, каб “пагасіць” увесь тэрмін арышту.

Пасьля вызваленьне ён сказаў сёньня нашаму Радыё, што самым дрэнным у камэры было асьвятленьне, гарэла толькі адна слабая лямпачка, чытаць было амаль немагчыма, праз пяць-дзесяць хвілінаў пачыналі балець вочы. Гарбату давалі толькі раз на дзень — раніцай, больш гарачага напою не давалі. На шпацыр ён трапіў толькі двойчы, прычым адзін раз — у моцны мароз. У камэрах цеплілі празьмерна, кажа Артур, было задушна, таму — цяжка засынаць.

Першыя трое сутак Артур Раманчук сядзеў асобна, пачаў нават сам сабе песьні сьпяваць, каб уразнастаіць існаваньне. За дзевяць дзён ён пабываў у чатырох камэрах. Стаўленьне было, як да нявартага члена грамадзтва, “ты — нібыта ніхто”, кажа Артур і дадае, што самі міліцыянты размаўлялі так, што праз кожнае слова літаральна гучала лаянка. Як такія людзі могуць ахоўваць закон і канстытуцыю? — выказвае зьдзіўленьне Артур.

Васямнаццацігадовы Артур Раманчук — студэнт першага курсу Люблінскага унівэрсытэту, вывучае журналістыку. Ён кажа, што сёньня ўначы паедзе на вучобу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG