Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш пратэсту ў Альжыры адбыўся


У сталіцы Альжыру – горадзе Альжыр некалькі сотняў чалавек выйшлі на марш пратэсту, насуперак забароне ўладаў. Пратэстоўцы спрабавалі прайсьці да цэнтральнай плошчы, усе дарогі да якой былі заблякаваныя паліцыянтамі.

Частка пратэстоўцаў трапіла на плошчу, дзе яны скандавалі антыўрадавыя лёзунгі.

Адзін з удзельнікаў антыўрадавай акцыі пратэсту сёньня ў сталіцы Альжыру сказаў журналістам:

“Чаму мы выйшлі? Пратэставаць супраць дыктатарскага ўраду. З нас даволі гэтай сыстэмы, людзі патрабуюць сыходу гэтага рэжыму”.

Іншы ўдзельнік, які таксама не назваў свайго імя, дадаў:

“Барацьба працягваецца. Мы абвяшчаем зьмены і яны прыйдуць, прыйдуць. Язьмінавая рэвалюцыя мела посьпех, адбылася рэвалюцыя і ў Эгіпце. У нас свае асаблівасьці ў Альжыры. Мы пераможам, дасьць Бог!”

У мінулую нядзелю спроба правесьці маніфэстацыю завяршылася сур'ёзнымі сутычкамі з паліцыяй. Апазыцыя патрабуе правядзеньня рэформаў, заклікае браць прыклад з Тунісу і Эгіпту.

Улады краіны паабяцалі да канца месяцу адмяніць надзвычайнае становішча, якое ўжо 19 гадоў дзейнічае ў Альжыры.
XS
SM
MD
LG