Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на беларускай мове гавораць 106 тысяч чалавек, астатнія маўчаць на ёй


Незадоўга да Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, апублікаваныя дадзеныя Белстату, паводле якіх у Менску дома па-беларуску размаўляе 106 тысяч чалавек. Гэта 5,8 адсотка ўсяго насельніцтва сталіцы. З іх 102 177 чалавек беларусы, 1 684 палякі, 1 123 расейцы. Яшчэ тысяча чалавек — украінцы, габрэі і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Гэтыя зьвесткі атрыманыя падчас перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 2009 годзе, калі ўпершыню за ўсю гісторыю перапісаў асобна паведамлялася такая статыстыка па гарадах.

Алена Анісім
Пададзеную Белстатам лічбу беларускамоўных менчукоў мы папрасілі пракамэнтаваць старшыню сталічнай арганізацыі ТБМ навуковую супрацоўніцу Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Алену Анісім.

«106 тысяч па Менску ўсяго? Канечне, гэтая лічба мяне шакіруе. Перш за ўсё, гэта сьведчыць пра тое, што беларуская мова не перастала быць для многіх палітычным чыньнікам. Для некаторых размаўляць па-беларуску — гэта значыць падстаўляць сябе пад нейкія ўяўныя, ці магчымыя, ці пэрспэктыўныя перасьледы. Але я спадзяюся, што ў наступным перапісе, які будзе праводзіць больш дэмакратычная і больш прыхільная да беларушчыны ўлада, вынікі будуць іншыя».

Алег Трусаў
Па-расейску ў менскіх сем’ях, паводле дадзеных Белстату, размаўляюць 1 мільён 450 тысяч чалавек — гэта 82,1 адсотка насельніцтва горада. Аднак старшыня рэспубліканскай рады ТБМ Алег Трусаў сказаў, што гэтая лічба датычная тых, хто размаўляе на трасянцы.

«Астатнія размаўляюць на трасянцы і лічба беларускамоўных даволі добрая. Усё-ткі 100 тысяч — гэта ж ня 10 і не адна тысяча, гэта насельніцтва вялікага гораду, такога, як Ліда ці Салігорск. Па-другое, наколькі можна давяраць гэтым лічбам? Можа, іх і больш? У мяне сумненьні, як перапісвалі. Ну нават калі гэтыя перапісчыкі далі 100 тысяч, то гэта і някепска».

А вось як пракамэнтаваў статыстыку Белстату палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
«Я перакананы, што гэта непраўдзівыя лічбы. Яшчэ перад перапісам, паводле якога апублікаваныя гэтыя зьвесткі, спэцыялісты выказваліся крытычна наконт фармулёвак, тых, што тычацца роднай мовы, якой быццам бы ёсьць тая мова, якая, як лічыць чалавек, была першаю ў ягоным немаўляцтве і маленстве. А па-другое, ня могуць быць аб’ектыўнымі гэтыя лічбы ў атмасфэры штодзённае зьнявагі беларускае мовы дзяржаўнымі структурамі і кіраўнікамі дзяржавы. А па-трэцяе, няма яснага азначэньня — што ёсьць беларуская мова. Я думаю, што чалавек, які карыстаецца рознымі мяшанымі варыянтамі, ён усё ж такі перадусім беларускамоўны, а не расейскамоўны. Гэтая лічба рэальна заніжаная, бо мы павінны гаварыць не пра літаратурную беларускую мову, а мы павінны гаварыць пра любую форму яе існаваньня: дыялектную, захаваную зь вёскі, зьмяшаную на лексычным роўні з расейскай, але інтанацыйна і фанэтычна беларускую, — гэта ўсё роўна варыянты існаваньня беларускае мовы. Нават калі чалавек пасіўна валодае беларускаю моваю — гэта значыць, усё разумее і ўключае лексычныя і фразеалягічныя цытаты ў сваё маўленьне, — ён гаворыць па-беларуску».

Паводле афіцыйных дадзеных, усяго ў Беларусі на беларускай мове размаўляе 23% насельніцтва краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG