Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паўторныя допыты. Пагрозы. Звальненьні


На паўторныя допыты ў КДБ і міліцыю выклікаюць некаторых апазыцыйных актывістаў у рэгіёнах. «Свабода» таксама атрымлівае скаргі наконт судовых спраў і звальненьняў з працы.

ВІЦЕБШЧЫНА


Актывістку Тамару Карызну дапыталі пра Аляксея Міхалевіча

Тамара Карызна
У віцебскую абласную ўправу КДБ выклікалі актывістку руху «За свабоду» Тамару Карызну, якая падчас выбарчай кампаніі працавала ў камандзе кандыдата Аляксея Міхалевіча.

Карызна: «Яны тэлефанавалі ўжо, мусіць, некалькі дзён. Іх нумар не вызначаецца. Таму я ўжо была гатовая. А потым сказалі: каб я не прыйшла, то забралі б самі з працы або з дому. Позву потым таксама далі, ужо на ўваходзе. Там напісана, што выклікаюць у якасьці сьведкі. Як давераную асобу Аляксея Міхалевіча ў Віцебскай вобласьці. Дапытвалі дзьве гадзіны, нашы супрацоўнікі, але на загад менскага КДБ».

Тамару Карызну статус сьведкі абурыў: яна не была ў Менску 19 сьнежня. Тады размова са сьледчым пайшла пра перадвыбарчую дзейнасьць Аляксея Міхалевіча. Іншых падрабязнасьцяў актывістка не паведамляе, бо дала падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

Кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава звольнены з працы

Уладзіслаў Варанецкі
Уладзіслаў Варанецкі, кіраўнік віцебскага выбарчага штабу Андрэя Саньнікава, быў дапытаны супрацоўнікамі КДБ ужо двойчы. 17 лютага яго звольнілі з працы. Хлопец рабіў на Віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў:

«Мяне выклікалі да начальніка. Я прыходжу, а ад яго якраз выходзіць міліцыянт, маёр. Ён на мяне яшчэ зірнуў, усьміхнуўся і сказаў: „Ну, заходзь…“ Я зайшоў, і мне начальнік кажа: „Я ж цябе папярэджваў, што са мной праводзілі гутаркі наконт цябе. І я не хачу праблемаў ні сабе, ні табе. Ты звольнісься, і ніякіх праблем ня будзе. А так — сам бачыў, што да мяне зноў прыходзілі…“ „Што ж, — кажу, — я ўсё разумею“. Дакумэнты аформілі вельмі хутка, за нейкія дзьве гадзіны — і звольнілі».

Спадар Варанецкі кажа, што начальнік цэху папярэджваў пра звальненьне яшчэ загадзя. Але чакаў, пакуль хлопец, студэнт-завочнік, вернецца з сэсіі. Цяпер актывісту давядзецца шукаць новую працу, прычым ужо другі раз за апошнія месяцы. Якраз напярэдадні агітацыйнай кампаніі Ўладзіслава Варанецкага звольнілі з транспартнай фірмы «Наталі», дзе ён працаваў кіроўцам таксі. Як яму тады патлумачылі, «апазыцыянэры на працы нікому не патрэбныя».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Наваградзкія актывісты адмовіліся даваць паказаньні ў КДБ

У чацьвер працягваліся выклікі ў КДБ актывістаў БХД з Наваградку. Дар’я Бахар і Юры Казак адмовіліся даваць паказаньні сьледчым без прысутнасьці пры гэтым іх даверанай асобы. Актывісты заявілі, што такое права ім гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

Актывістка БХД Дар’я Бахар прыйшла ў КДБ з даверанай асобай Тацянай Качагур і Канстытуцыяй Беларусі, так, як учора гэта зрабілі Ўладзімер Качагур і Сяргей Ваўчок.

Сытуацыя паўтарылася: як і ўчора, супрацоўнікі КДБ прапанавалі, каб давераная асоба пакінула кабінэт, але Дар’я Бахар зацытавала ім артыкулы Канстытуцыі і сказала, што ня будзе даваць паказаньняў без даверанай асобы.

Бахар: «На гэта яны мне адказалі, што ня могуць браць паказаньні, і паклікалі ў кабінэт панятых, каб тыя засьведчылі, што я адмовілася даваць паказаньні. Я ж, у сваю чаргу, у пратаколе дапісала, што супрацоўнікі КДБ адмовіліся браць паказаньні ў прысутнасьці маёй даверанай асобы».

У выніку атрымалася дзіўная сытуацыя: сябры БХД прыходзяць па выкліку, а супрацоўнікі КДБ не бяруць паказаньні, спасылаючыся на тое, што ня могуць гэтага рабіць у прысутнасьці давераных асобаў.

Віктар Сазонаў
Праваабаронца з Горадні Віктар Сазонаў, камэнтуючы сытуацыю, кажа, што па вялікім рахунку ўсе гэтыя выклікі праводзяцца з мэтай — запалохаць мясцовых актывістаў, бо сытуацыя, на яго думку, і так для ўсіх дастаткова ясная:

«Па вялікім рахунку няма пра што пытацца. Калі чалавека і выклікаюць, то ня дзеля таго, каб даведацца праўду, бо яна і так вядомая. І таму пытацца ў прысутнасьці чалавека, у якога статус праваабаронцы, які пасядзіць і паслухае, а потым раскажа, што пытаюцца нейкую лухту, не выходзіць».

Падобная сытуацыя сёньня склалася і ў Юры Казака. Ён хадзіў у КДБ з Уладзімерам Качагурам.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У рэгіёне дапыталі ўжо больш за 30 чалавек

Супрацоўнікі сілавых органаў зь Берасьця выклікалі на допыты некаторых удзельнікаў Плошчы па некалькі разоў. Акрамя допытаў у КДБ, праводзяцца таксама прафіляктычныя гутаркі. Іх ладзяць супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі. Агулам на Берасьцейшчыне дапыталі больш за 30 чалавек.

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша накіраваў скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ. Паводле юрыста, падчас допыту былі парушаныя артыкулы Канстытуцыі:

Сяргей Гоўша
«Я хацеў, каб са мною на допыце прысутнічаў мой прадстаўнік. Але супрацоўнікі КДБ не далі такой магчымасьці. Таму лічу іх дзеяньні супрацьпраўнымі і накіраваў скаргу. Зараз чакаю адказу, магчыма, што буду падаваць і ў суд», — патлумачыў «Свабодзе» юрыст Сяргей Гоўша.

Некаторых удзельнікаў Плошчы, акрамя допыту ў КДБ, выклікалі на размовы ў пракуратуру, міліцыю, аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, наведвалі ўчастковыя міліцыянты, каб праводзіць прафіляктычныя гутаркі. Кася Сяльдзеўская кажа, што агулам нават складана сказаць, колькі допытаў было за апошнія два месяцы:

«Я вельмі стамілася ад усяго гэтага. Колькасьць допытаў і размоваў з міліцыянтамі, калі браць з моманту затрыманьня на Плошчы, сапраўды вялізарная. Пасьля таго, як адбыла пакараньне ў турме, допыты працягваліся. Было іх вельмі шмат».

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый у Берасьці праводзяць акцыі салідарнасьці з затрыманымі. Паводле Ўладзімера Вуека, старшыні «Маладых дэмакратаў» на Берасьцейшчыне, у залежнасьці ад тэхнічных магчымасьцяў праводзіцца распаўсюджваньне інфармацыйных улётак пра затрыманых на Плошчы:

«Мы праводзілі акцыю „Свабоду палітычным вязьням“. На дзьвярах пад’ездаў, прыпынках расклейваліся ўлёткі з адпаведным зьместам. Агулам мы распаўсюдзілі каля 200 улётак. На жаль, болей не хапіла рэсурсу».

19 лютага — малітва за палітвязьняў

Берасьцейскія вернікі адгукнуліся на заклік правесьці 19 лютага агульную малітву за палітычных вязьняў.

Вернік грэка-каталіцкай царквы зь Берасьця Ігар Бараноўскі: «Мы зьбіраемся памаліцца за Беларусь, за тых, хто зараз знаходзіцца ў вязьніцы, хто чакае прысуду. Будзем маліцца, каб гэты прысуд быў справядлівы, а не каб дагадзіць камусьці. Таму будзе такая форма малітвы за краіну, за мудрасьць кіраўнікоў, за тых, хто цярпіць».

У Берасьці сёньня пачаўся разгляд пазову газэты «Знамя Юности» да былога карэспандэнта Алеся Леўчука. Таксама чакаецца разгляд судовай справы ў адносінах да затрыманага на цэнтральнай плошчы 19 сьнежня мінулага году Канстанціна Турчыняка, які выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам на знак падтрымкі падзеяў на Плошчы ў Менску.

Алесь Ляўчук каля суду Маскоўскага раёну Берасьця


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Сустрэўся з прадстаўнікамі АБСЭ — папярэдзілі пра дыскрэдытацыю Беларусі

Сьвятлана Міхальчанка
У Сьветлагорскім аддзеле УКДБ дапыталі як сьведку пра акцыю пратэсту 19 сьнежня ў Менску на плошчы Незалежнасьці кіраўніка раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Сьвятлану Міхальчанку.

З прычыны хворай нагі спадарыні Сьвятлане складана рухацца, таму чэкісты адмыслова прыяжджалі да яе на кватэру, каб адвезьці на допыт да опэрупаўнаважанага УКДБ Сяргея Падаляка.

Міхальчанка: «Спрабуюць, напэўна, запалохаць кіраўнікоў палітычных партыяў, пасеяць страх у людзей, каб яны наагул не займаліся больш палітычнымі пытаньнямі. Я так зь іх вуснаў пачула, што, маўляў, правакацыі — гэта справа рук апазыцыі, якая хацела, каб былі ўведзены санкцыі».

Спадарыня Міхальчанка кажа, што была ў Менску 19 сьнежня толькі на Кастрычніцкай плошчы. Калі дэманстранты рушылі на плошчу Незалежнасьці, яна прайшла мэтраў 300, а пасьля збочыла і паехала да сваякоў, паколькі балела нага.

Да мірнай акцыі на плошчы спадарыня Міхальчанка ставіцца так, як і кінарэжысэр Віктар Дашук у публікацыі «Приходи ко мне на праздник…», зьмешчанай у газэце «Народная воля» 8 лютага:

«Дала я яму газэту „Народную волю“, дзе вялікі артыкул рэжысэра Дашука. Кажу: „Мая пазыцыя поўнасьцю супадае зь яго пазыцыяй“. І паколькі, кажу, вы ўсім цікавіцеся і лічыце, што ўсе вакол дурні і займаюцца ня тым, чым трэба, дык вось чалавек ня дурань, і ён дае адказы на ўсе пытаньні, а ня толькі на пытаньні 19 сьнежня».

У Рагачове мясцовыя чэкісты дапыталі сябра АГП Уладзімера Тамковіча, які каардынаваў у раёне працу назіральнікаў і меў на выбарах стасункі з прадстаўнікамі АБСЭ.

Тамковіч: «Мэта была — папярэдзіць мяне пра наступствы за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Далі мне адпаведны артыкул пачытаць. Ведалі, што на плошчы я ня быў, а быў назіральнікам. Ведалі, што падаваў скаргі наконт падліку галасоў. Цікавіла іх і сустрэча з прадстаўнікамі назіральнай групы АБСЭ. Пра гэта яны таксама ведалі. Таму й папярэджвалі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG