Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялынічы: Адбыўся ператрус у Алега Мяцеліцы. Нічога не знайшлі


Алег Мяцеліца

Алег Мяцеліца

У кватэры былой даверанай асобы Някляева з райцэнтру Бялынічы Алега Мяцеліцы супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Ён прайшоў учора ўвечары без прысутнасьці гаспадароў. У кватэры часова жыве знаёмы актывіста.

Жонка Алега Мяцеліцы спадарыня Натальля сёньня даведалася пра падрабязнасьці вобшуку:

«Яго праводзіў супрацоўнік Шклоўскага міжраённага аддзелу КДБ старшы лейтэнант Яўген Брыль па даручэньні сьледчага Магілёўскага абласнога КДБ Канстанціна Батвінкова. Я сёньня тэлефанавала Батвінкову. Ён ня даў мне зьвестак, па якім артыкуле праводзілі вобшук і кім ён санкцыянаваны. Пастанова была. Мне гэта пацьвердзілі. Нічога ў нас не забралі. За панятых запрасілі дзьвюх жанчын з суседніх пад’ездаў. Нічога не ламалі. Апячаталі адзін з пакояў кватэры. Я запыталася: „Ці азначае гэта, што трэба чакаць новага вобшуку?“ Мне адказалі, што не. Апячаталі, каб адтуль нічога ня зьнікла, бо ў пакоі ніхто не жыве. Мяне, канечне ж, маглі б знайсьці ў Бялынічах і запрасіць на ператрус. Але, відаць, ня дужа хацелі гэтага. Заканадаўства ж дазваляе праводзіць ператрусы без гаспадароў, але ў прысутнасьці аднаго паўналетняга жыхара».

Алег Мяцеліца цяпер у Вільні. У замежжа актывіст выехаў адразу пасьля разгону акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ў Менску. Ён лічыць, што супраць яго распачатая крымінальная справа й па вяртаньні на радзіму ён будзе арыштаваны. Спадар Мяцеліца — адзін з арганізатараў беларускага бюро грамадзкага й палітычнага прадстаўніцтва ў Літоўскай Рэспубліцы.

Месяц таму ператрус супрацоўнікі КДБ правялі ў кватэры брата актывіста — Мікалая. Ён таксама быў сябрам ініцыятыўнай групы Някляева. Камітэтчыкі забралі сыстэмны блёк кампутара й электронныя носьбіты інфармацыі. Паводле спадара Мікалая, камітэтчыкі шукалі грошы. Пасьля настойлівага патрабаваньня сыстэмны блёк яму вярнулі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG