Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры – за пашырэньне беларускай мовы


Намесьнік міністра культуры РБ Тадэвуш Стружэцкі
Намесьнік міністра культуры РБ Тадэвуш Стружэцкі
18 лютага ў Менску адбылося пасяджэньне круглага стала, прысьвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

На думку намесьніка міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага, найвялікшая адказнасьць за захаваньне, падтрымку і папулярызацыю роднай мовы ляжыць на прадстаўніках інтэлігенцыі. "Безумоўна, такая ж адказнасьць ляжыць сёньня на сфэры адукацыі, — лічыць ён, — як бы хто да гэтага ні ставіўся, я асабіста лічу, што беларуская мова ў сфэры адукацыі павінна выкарыстоўвацца больш шырока. Што да нашых навучальных устаноў у сфэры культуры, то ў вышэйшых — вялікіх праблем з гэтым няма, большая частка вучэбнага працэсу вядзецца на беларускай мове. Што тычыцца нашых сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў, там гэтая праблема, можа, больш надзённая".

Намесьнік міністра прызнаў, што "нейкі псыхалягічны бар'ер" у дачыненьні да роднай мовы ў работнікаў культуры яшчэ існуе. "І хаця мы ведаем, што 90% зь іх добра ведае беларускую мову, — працягвае ён, — выходзячы на шырокую публіку, яны чамусьці карыстаюцца расейскай мовай. Гэты бар'ер будзе пераадольвацца хутчэй, калі беларуская мова будзе больш гучаць па радыё, па тэлебачаньні".

Галоўны дырэктар Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё Антон Васюкевіч адзначыў, што ў Эўропе Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца вельмі шырока. "І асноўны тэматычны фон сьвята — мова і глябалізацыя. Гэта ня толькі наша праблема, — упэўнены ён. — Моўныя працэсы, якія адбываюцца ў сьвеце, вельмі істотна абвастрыліся ў час глябалізацыі, эканамічнага ўзаемапранікненьня, розных сацыяльных працэсаў, якія адбываюцца ў сьвеце".

Васюкевіч згадаў супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Эўрапейскага вяшчальнага саюзу: "Мне вельмі прыемна, што яны ведаюць, як гучыць беларуская мова. Перадачы, пастаноўкі, якія мы накіроўваем ім падчас абмену вопытам, азнаямленьня з нашай дзейнасьцю, для ўдзелу ў аўтарытэтных міжнародных конкурсах і фэстывалях, атрымліваюць вельмі высокія ацэнкі. І гэта пры тым, што людзі, якія слухаюць гэтыя перадачы, ня ведаюць беларускай мовы і чуюць яе ўпершыню".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG