Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сваім адкрытым лісьце да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppens выказвае пратэст у сувязі зь перасьледам беларускага праваабарончага цэнтру "Вясна" і яго старшыні Алеся Бяляцкага.

Напярэдадні Беляцкі быў запрошаны ў Генпракуратуру, дзе атрымаў папярэджаньне адносна "дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі". У адпаведнасьці з папярэджаньнем Бяляцкаму можа пагражаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам да двух гадоў.

Östgruppens называюць падобныя дзеяньні беларускіх уладаў палітычна матываванымі і не адпаведнымі ані Канстытуцыі Беларусі, ані тым міжнародным абавязаньням, якія дзяржава ўзяла на сябе ў галіне правоў чалавека.

Аўтары адкрытага ліста дадаюць, што Алесь Бяляцкі цягам многіх гадоў знаходзіцца ў авангардзе беларускага руху за правы чалавека. У 2006 годзе ён як праваабаронца атрымаў прэмію швэдзкага ўраду, таксама быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе Бяляцкі правёў незалежны маніторынг, у якім быў задакумэнтаваны шэраг махлярстваў на карысьць дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Östgruppen патрабуюць адмяніць папярэджаньне ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага, а таксама сам "рэпрэсіўны" артыкул 193.1, які забараняе дзейнасьць не зарэгістраваных Мін'юстам арганізацыяў і накіраваны на здушэньне грамадзянскай актыўнасьці ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG