Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выніковы даклад АБСЭ аб выбарах у Беларусі апублікуюць на наступным тыдні

  • БелаПАН

Гэрт-Генрых Арэнс — кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ)

Гэрт-Генрых Арэнс — кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ)

Выніковы даклад міжнародных назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі будзе апублікаваны ў пачатку наступнага тыдня. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Бюро.

У папярэднім заключэньні, абнародаваным 20 сьнежня ў Мінску, назіральнікі зазначылі, што выбары у Беларусі па-ранейшаму не адпавядаюць стандартам АБСЭ.

"Прэзыдэнцкія выбары паказалі, што Беларусі усё яшчэ трэба будзе прайсьці значны шлях, каб пачаць адпавядаць сваім абавязаньням у межах АБСЭ, хаця былі зроблены некаторыя канкрэтныя паляпшэньні", — гаварылася ў дакумэнце.

Назіральнікі зазначалі, што дзень галасаваньня "быў азмрочаны затрыманьнямі большасьці кандыдатаў у прэзыдэнты і соцень актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці".

"У той час як галасаваньне ў дзень выбараў у цэлым атрымала станоўчую ацэнку, працэс значна пагоршыўся падчас падліку галасоў: паводле ацэнак назіральнікаў, амаль палова галасоў (пад назіраньнем) падлічвалася дрэнна або вельмі дрэнна. Гэта падарвала захады, якія былі зроблены для таго, каб палепшыць выбары", — заявілі назіральнікі АБСЭ.

Кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ і дэлегацыі ПА АБСЭ Тоні Лойд падкрэсьліў, што "гэтыя выбары не змаглі даць Беларусі новы старт, у якім яна мела патрэбу". "Працэс падліку галасоў ня быў празрысты. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага. У прыватнасьці, цяпер я чакаю, што ўрад будзе адказваць за арышты кандыдатаў у прэзыдэнты, журналістаў і праваабаронцаў", — сказаў Лойд.

У сваю чаргу кіраўнік доўгатэрміновай місіі назіраньня БДІПЧ АБСЭ Герт Хінрых Арэнc заявіў: "Я вельмі спадзяваўся, што гэтым разам мы зможам даць больш пазытыўную ацэнку. На жаль, гэта немагчыма ў сьвятле недахопаў у падліку галасоў і жорсткага адказу уладаў на ўчорашнія дэманстрацыі".

Пасол Арэнс заклікаў улады Беларусі захоўваць прыхільнасьць абавязацельствам у межах АБСЭ і не спыняць дэмакратычныя рэформы, неабходныя для прывядзеньня выбараў у адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі.

Пры гэтым назіральнікі АБСЭ зазначылі, што падчас кампаніі усе кандыдаты ў прэзыдэнты мелі магчымасьць бесьперашкодна данесьці свае пасланьні да электарату. Яны, у прыватнасьці, маглі зьвяртацца да электарату наўпрост падчас двух тэледэбатаў і бясплатнага эфірнага часу, выдзеленага ім без цэнзуры, але ў абмежаваным аб'ёме.

Тым ня менш дзейны прэзыдэнт і астатнія кандыдаты спаборнічалі ў няроўных умовах, падкрэсьлілі назіральнікі.
XS
SM
MD
LG