Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асобу Парфянкова абралі для стварэньня прапагандысцкай кампаніі»


Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Чым можна патлумачыць настолькі жорсткі прысуд Васілю Парфянкову? Чаму менавіта Парфянкоў стаў першым асуджаным па гэтай справе? Ці можна сказаць, што паводле такой самай матрыцы будуць асуджаныя й іншыя ўдзельнікі падзеяў 19 сьнежня? На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты «Белорусы і рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: Як можна ацаніць гэты прысуд? Ці можна сказаць, што паводле гэтага ўзору будуць пакараныя астатнія ўдзельнікі падзеяў 19 сьнежня, ці гэта толькі першы, асобны, прысуд, паводле якога ўлады будуць сачыць за рэакцыяй Захаду і беларускага грамадзтва?

Быкоўскі: Безумоўна, улады будуць сачыць за рэакцыяй. Я б адзначыў, што асоба Парфянкова дае магчымасьць уладам у сваёй прапагандзе зьвяртаць увагу на тое, што гэта актывіст незарэгістраванай Партыі Свабоды, паказаць, што ён нібыта радыкал, быў на Ўкраіне, удзельнічаў там у Майдане, мае ранейшыя прысуды. З дапамогай гэтых фактаў улады будуць ствараць міт, што падзеі 19 сьнежня былі спробай захопу ўлады і масавымі непарадкамі.

Я ўпэўнены, што невыпадкова менавіта асоба Парфянкова стала першай асуджанай. Невыпадкова пракурор прасіў 6 гадоў, бо была паказаная плянка магчымага пакараньня — 15 гадоў выглядаюць надта неверагодным падыходам для падзеяў 19 сьнежня. Улады цяпер будуць сачыць, як Захад паставіцца да гэтага прысуду.
Гэты суд будзе выкарыстаны для вялікай прапагандысцкай кампаніі..


Цыганкоў: Ці будзе гэты прысуд формай псыхалягічнага ціску на астатніх фігурантаў гэтай справы? Магчыма, улада спадзяецца, што нехта зь іх пачне паводзіць сябе па-іншаму, прызнаваць віну і гэтак далей?

Быкоўскі: Безумоўна, ціск будзе аказаны. Я ўпэўнены, што ўсім фігурантам справы, нават тым, хто знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ, давядуць інфармацыю пра гэты прысуд. Магчыма, тое, што прагучала на судзе, так ці інакш будзе выкарыстана супраць іх.

Мяркуючы па тых заявах, што рабілі беларускія праваабаронцы, і рэпартажы журналістаў, якія прысутнічалі на працэсе, выглядае, што гэты суд будзе выкарыстаны для вялікай прапагандысцкай кампаніі. І яна, натуральна, будзе ўплываць на грамадзкую думку ў Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG