Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дапытваюць. Затрымліваюць. Судзяць


Рэгіянальныя ўправы ды аддзелы КДБ і міліцыі працягваюць допыты мясцовых актывістаў апазыцыі, выпытваюць у іх падрабязнасьці пра ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

ВІЦЕБШЧЫНА


Міліцыянты незадаволеныя рашэньнем судзьдзі Цыганковай

Барыс Хамайда
У Чыгуначным райаддзеле міліцыі Віцебску вялікае незадавальненьне выклікала рашэньне судзьдзі Алены Цыганковай, якая апраўдала апазыцыянэра Барыса Хамайду. Спадар Хамайда абвясьціў акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», пад бел-чырвона-белым сьцягам ён пэрыядычна распаўсюджвае недзяржаўныя друкаваныя выданьні, і ўжо некалькі разоў яго забіралі ў пастарунак, вінавацячы ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету.

Паколькі Чыгуначны райсуд ужо двойчы адмовіўся караць апазыцыянэра, не знайшоўшы ў яго дзеяньнях складу правапарушэньня, начальнік РАУС Аляксандар Чарняўскі накіраваў скаргу ў Віцебскі абласны суд. Барыс Хамайда атрымаў афіцыйны выклік на разгляд справы 23 лютага. Апазыцыянэр працытаваў гэты дакумэнт, які сьведчыць, што міліцэйскае кіраўніцтва катэгарычна ня згоднае з апраўдальнай судовай пастановай:

«Лічым, што судовая пастанова зьяўляецца незаконнай і падлягае адмене на наступных падставах. Хамайда ўсталяваў бел-чырвона-белы сьцяг каля дома № 28 па вуліцы Леніна непадалёк ад прыпынку грамадзкага транспарту, сядзеў за самаробным столікам, да яго падыходзілі людзі і пра нешта зь ім размаўлялі. З гэтага вынікае, што Хамайда дэманстраваў свае грамадзка-палітычныя інтарэсы і прыцягваў увагу грамадзян».

На думку спадара Хамайды, міліцыянты гатовыя на любыя захады, абы бел-чырвона-белы сьцяг не лунаў у цэнтры Віцебску. Але ён гатовы працягваць сваю акцыю і далей:

«Я буду стаяць у любым выпадку! 20 год таму беларуская незалежнасьць пачыналася зь бел-чырвона-белага сьцяга, чатыры гады ён быў дзяржаўным. Сёлета — 20 год незалежнасьці Беларусі. Дык давайце будзем неяк па-разумнаму аддаваць даніну павагі таму, з чаго мы пачыналі! Трэба легалізаваць беларускі нацыянальны сьцяг! Ён ніколі ня быў забаронены ўсе гэтыя гады, але за яго перасьледавалі…»

Палітычны перасьлед рэдактара газэты «Вольнае Глыбокае»

Уладзімер Скрабатун
Пад перасьлед можа трапіць кожны, хто публічна выказвае сваю палітычную пазыцыю. Гэтак лічыць Уладзімер Скрабатун, рэдактар і выдавец газэты «Вольнае Глыбокае». 18 лютага яго выклікаюць у раённую пракуратуру:

«19-га я схадзіў на выбары, прагаласаваў. Падышла супрацоўніца райвыканкаму, спыталася: „Уладзімер Іванавіч, за каго галасавалі?“ Маўляў, экзыт-пол, жартуе так… Кажу: „За Статкевіча“. Нехта яшчэ падыходзіць і кажа: „Усё адно Лукашэнка 80% возьме!“ Я сказаў, што ў Лукашэнкі рэйтынг, можа, 35–40%, махнуў рукой ды пайшоў. Празь месяц ці два мяне выклікалі ў міліцыю. Нібыта я на выбарчым участку крычаў, што Лукашэнка набярэ 35%, а калі ня так, то я тут наладжу рэвалюцыю ды ўсіх паўзрываю!»

У позьве Ўладзімеру Скрабатуну напісана, што яго выклікаюць «у сувязі з праверкай». Яшчэ адной прычынай для выкліку ў пракуратуру, на ягоную думку, можа быць якая-небудзь публікацыя ў незалежнай газэце «Вольнае Глыбокае».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Спадарыню Краснасельскую дапытваюць у Мазыры на загад зь Менску

Сёньня, праз два дні пасьля допыту ў Мазырскім аддзеле УКДБ, сяброўку Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Калінкавічаў Людмілу Краснасельскую зноў паклікалі на допыт. Гэтым разам — у мясцовы райаддзел міліцыі.

Краснасельская: «Патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі Губар і заявіў, што яму загадалі зь Менску дапытаць мяне наконт удзелу ў масавых беспарадках і сфатаграфаваць. Сфатаграфаваць мяне і ўзяць тлумачэньні. Я адмовілася і зараз буду раіцца з адвакатамі. І таксама паведаміла міліцыянту, што 15 лютага мяне дапытвалі ў КДБ, і я дала падпіску пра неразгалошваньне».

Такую ўвагу з боку КДБ і міліцыі да сваёй сьціплай пэрсоны, як і да іншых грамадзкіх актывістаў у рэгіёне, спадарыня Краснасельская тлумачыць наступным чынам:

«Відаць, шукаюць якую-кольвечы зачэпку, каб кагосьці абвінаваціць у масавых беспарадках, каб зьняць, напэўна, зь сябе віну».

Жывучы ў невялікім гарадку, Краснасельская не цураецца грамадзкіх спраў. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах яна зьбірала подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў.

На пачатку году, на мясцовых выбарах, Людміла сама балятавалася кандыдатам у дэпутаты райсавету.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Ужо месяц журналіста трымаюць у магілёўскай турме»

Бабруйскі журналіст, супрацоўнік незалежнай газэты «Бабруйскі кур’ер» Яўген Васьковіч ужо месяц утрымліваецца ў магілёўскай турме № 4. Яго вінавацяць у злосным хуліганстве. Зьвестак пра ход сьледзтва і стан абвінавачанага вобмаль.

Пра справу Васьковіча журналісты і праваабаронцы зьбіраюць зьвесткі па драбку. Ні адвакат, ні сьледчыя на кантакт не ідуць. Гаворыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

«Па тым, што мы ведаем, — гэтая справа ня тычыцца наўпрост падзеяў 19 сьнежня. Яна зьвязаная з так званымі нападамі анархістаў… Іх спробамі кінуць нейкія бутэлькі. Чаму дзяржава хавае ход расьсьледаваньня ад грамадзтва, цяжка сказаць. Гэта проста паказчык таго, што мы зь дзяржавай існуем у паралельных прасторах».

Яўген Васьковіч
Удзельніка Плошчы, прыхільніка партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня. Напярэдадні ён удзельнічаў у акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Магілёве. Тэрмін зьняволеньня спачатку абмежавалі дзесяцьцю суткамі. Потым арышт працягнулі яшчэ на два месяцы. Напачатку справу дасьледавалі магілёўскія сьледчыя, пазьней за яе ўзяліся бабруйскія. Тым ня менш хлопец застаецца ў магілёўскай турме. Маці толькі аднойчы дазволілі перадаць яму неабходныя ў зьняволеньні рэчы. Яна таксама няшмат ведае пра сына.

«Мне сказалі, што ўсё гэта будзе працягвацца ў межах месяца. А там хто яго ведае. Мне ніхто нічога ня кажа».

11 студзеня Яўгена Васьковіча дапытвалі ў КДБ. Пасьля допыту Яўген сьцьвярджаў, што настаяў, каб камітэтчыкі ў пратаколе напісалі, што ён і надалей будзе ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту. За Плошчу ён адседзеў 12 сутак арышту.

У Бабруйску на допыт у міліцыю выклікаюць грамадзкую актывістку Вольгу Піманаву

Яшчэ адна ўдзельніца Плошчы, былая актывістка ініцыятыўнай групы Някляева з Бабруйску Вольга Піманава, чакае допыту ў мясцовай міліцыі. Яе выклікаў тэлефанаваньнем сьледчы Сяргей Грыневіч:

«Сказаў, што ім зь Менску даслалі дакумэнты. Там сьпіс пытаньняў. Па іх ён павінен мяне дапытаць. Ён спачатку не казаў, па якой справе. Тады я сказала, што гэта, відаць, па справе 19 сьнежня. Я абурылася, канечне. Два разы ў КДБ дапытвалі, там дапытвалі. Колькі яшчэ можна дапытваць? Ён адказаў: мне сказалі — я мушу рабіць».

Вольгу Піманаву 19 сьнежня затрымалі на плошчы Незалежнасьці адну зь першых. Суткі яна правяла ў ізалятары на Акрэсьціна. За ўдзел у акцыі пратэсту яе пакалі штрафам у трыццаць базавых велічыняў. Допыт у міліцыі адбудзецца 21 лютага.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Наваградку актывісты ходзяць на допыты з тэкстам Канстытуцыі

Наваградзкія актывісты адмовіліся даваць паказаньні ў КДБ, а ў Астраўцы патрабуюць вызваліць усіх палітвязьняў.

Уладзімер Качагур
Актывіст БХД Уладзімер Качагур пайшоў сёньня на выклік у КДБ, маючы пры сабе тэкст Канстытуцыі РБ. Зь ім быў ягоны афіцыйны прадстаўнік — Сяргей Ваўчок. Перад сьледчымі ён спаслаўся на шосты артыкул Канстытуцыі РБ, які, зь яго слоў, гарантуе яму права мець афіцыйнага прадстаўніка.

Супрацоўнікі КДБ з такой заявай не пагадзіліся: Сяргей Ваўчок таксама сьведка па гэтай жа справе, і таму, маўляў, абодвух разам дапытваць немагчыма. Уладзімер Качагур, зь яго слоў, настояў на сваім.

Качагур: «Я сказаў, што вы не карыстаецеся Канстытуцыяй і для вас гэта поўная ерунда, а іншыя падзаконныя акты лічыце важнейшымі. Потым я зачытаў 137 артыкул Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што менавіта Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. І на падставе гэтага сказаў, што не хачу з вамі болей гаварыць, паколькі вы парушаеце мае канстытуцыйныя правы».

Сяргей Ваўчок, у сваю чаргу, патлумачыў сьледчым, што і ён ня будзе гаварыць зь імі без прысутнасьці свайго афіцыйнага прадстаўніка, то бок Уладзімера Качагура. Абодвум далі падпісаць пратакол, у якім хлопцы запісалі сваю пазыцыю.

Ваўчок: «Мы запісалі, што не адмовіліся даваць паказаньні, проста ў прысутнасьці афіцыйнага прадстаўніка яны адмовіліся ў нас іх браць».

Уладзімер Качагур дадае, што адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошваньні, і таму тлумачыць, дзеля чаго іх выклікалі:

«Выклікалі нас наконт трох чалавек: Насты Палажанкі, Алеся Кіркевіча і Ўладзімера Яроменкі. Нам так і сказалі, што выклікалі па крымінальнай справе ў сувязі з гэтымі трыма людзьмі. Але я ім сказаў, што ніякай размовы ў нас не атрымаецца».

Заўтра ў Наваградзкі КДБ выклікаюць актывістаў БХД Дар’ю Бахар і Юрыя Казака.

Іван Крук
Сёньня ж з адкрытым лістом да генэральнага пракурора Беларусі, да Цэнтравыбаркаму і кіраўнікоў эўрапейскіх структураў і СМІ зьвярнуўся астравецкі актывіст Іван Крук. Пад гэтым лістом падпісаліся яшчэ 49 жыхароў раёну.

Іван Крук кажа, што людзі падпісаліся самыя розныя: былы дэпутат сельсавету, шматдзетная маці, былы аўганец і іншыя. Ён дадае, што ніхто не збаяўся паставіць подпіс пад лістом, за выключэньнем былога кіраўнічага працаўніка і былога кіраўніка Саюзу палякаў:

«У маім лісьце няма ніякага паклёпу, я паказаў рэальны стан спраў у раёне: як выбары адбываліся, як было да гэтага. Думаю, яны мяне зразумеюць правільна і будуць маўчаць, а спэцслужбы будуць надалей працаваць у кірунку таго, каб дыскрэдытаваць маё імя».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Пасьля КДБ актывістаў выклікаюць ва ўпраўленьні па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю

У чацьвер супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй выклікалі сябраў партыі БНФ, прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый на прафіляктычную размову.

Ва ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй выклікалі сёньня Віктара Клімуса і сяброўку партыі БНФ зь Берасьця. Віктар Клімус кажа, што супрацоўнік упраўленьня Сяргей Антанюк паводзіў сябе даволі агрэсіўна, шмат гучала пагрозаў:

«Ён казаў, што мяне накіруюць у Менск, дзе мяне пасадзяць у турму папярэдняга ўтрыманьня. Пасьля ад мяне запатрабаваў гэты супрацоўнік правесьці вобшук. Калі я запатрабаваў скласьці пратакол, ад Сяргея Антанюка нават прагучалі пагрозы фізычнага ўзьдзеяньня».

Супрацоўнік упраўленьня вытрас усе рэчы сябра БНФ, перагледзеў іх. З тэлефонаў Віктара Клімуса ператэлефанаваў на свой нумар.

Падобным чынам праходзіў допыт і Кацярыны Пашко, якую выклікалі напярэдадні. Супрацоўнікі ўпраўленьня выклікалі яе на размову праз тэлефон:

«Задавалі пытаньні, ці адношуся да нейкай партыі ці руху. Пыталіся пра падзеі 19 сьнежня мінулага году, што я рабіла ў Менску».

Падчас размовы Кацярыну Пашко здымалі на відэа і зьнялі адбіткі пальцаў. Прычым, кажа Кацярына, падчас відэаздымкаў не прасілі зьняць акуляры, а дакталяскапію рабілі вельмі неахайна. Сястра Кацярыны Юля Пашко лічыць, што гэтыя допыты і размовы тычацца непасрэдна «Маладога фронту» і лідэраў гэтай арганізацыі:

«Мы былі некалі ў „Маладым фронце“. І калі мяне выклікалі на допыт у КДБ, то ў асноўным задавалі пытаньні пра Зьмітра Дашкевіча, Насту Палажанку. Таму яны шукаюць магчымасьці нешта даказаць наконт дачыненьня гэтых людзей да арганізацыі масавых беспарадкаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG