Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі «Нафтану» гатовыя выйсьці на акцыю пратэсту


Па дазвол на правядзеньне мітынгу 25 лютага ў Наваполацкі гарвыканкам звярнуліся актывісты суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу, незадаволеныя тым, што калектыўную дамову з адміністрацыяй прадпрыемства падпісалі бязь іхнага ўдзелу.

Падпісаньне калектыўнай дамовы, якую распрацоўвалі тры бакі — адміністрацыя, афіцыйны «Белхімпрафсаюз» і суполка БНП — адбылося 28 студзеня. У апошні момант прадстаўнікі афіцыйнага прафсаюзу заявілі, што не падпішуць дакумэнты разам зь незалежнай прафсаюзнай арганізацыяй. Пытаньне было вырашана галасаваньнем: чальцоў афіцыйнага прафсаюзу на прадпрыемстве нашмат больш, чымсьці прыхільнікаў БНП, і за перадачу паўнамоцтваў падпісаньня калектыўнай дамовы прадстаўнікам «Белхімпрафсаюзу» прагаласавала большасьць удзельнікаў канфэрэнцыі працоўнага калектыву.

Актывісты суполкі незалежнага прафсаюзу кажуць, што падчас распрацоўкі калектыўнай дамовы афіцыйны прафсаюз не праяўляў аніякае варожасьці, але ў самы адказны момант вырашыў пазбавіцца ад «канкурэнтаў». Такім чынам, «нафтанаўскую» суполку БНП проста выціснулі з працэсу сацыяльнага партнэрства.

У заяўцы на правядзеньне акцыі пратэсту гаворыцца, што нязгодныя з гэтым прафсаюзныя актывісты плянуюць правесьці мітынг 25 лютага ад 17 да 18 гадзіны на плошчы перад гарадзкім палацам культуры або ў любым іншым месцы, якое вызначаць гарадзкія ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG