Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль ёсьць палітвязьні — дыялёгу з Эўропай ня будзе


На працягу апошняга часу ў дзяржаўных мэдыях узрасла колькасьць публікацый з рэзкай крытыкай на адрас польскіх уладаў, якія асудзілі палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і аказваюць падтрымку дэмакратычнай супольнасьці. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных сёньня адмовіўся камэнтаваць пытаньне «Свабоды» пра стан цяперашніх дачыненьняў з Польшчай. А дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам, куды, як вядома, уваходзіць Польшча, назваў «дастаткова складанымі».

«Інфармацыйнай вайной» называюць некаторыя беларускія і польскія палітолягі тое, што цяпер адбываецца паміж Менскам і Варшавай. Так, Беларускае тэлебачаньне публічна назвала заходнюю суседку «жандарам Усходняй Эўропы». На што міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ўчора сказаў: «Немагчыма камэнтаваць такія нэасталінісцкія выхадкі».

Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сёньня, спаслаўшыся на тое, што выраз «інфармацыйная вайна» ужываюць палітолягі, сказаў: «Наш МЗС не камэнтуе выказваньні палітолягаў». Але заклапочанасьць афіцыйнага Менску станам дачыненьняў з Эўразьвязам ён прызнаў, назваўшы іх «дастаткова складанымі». Паводле Андрэя Савіных, гэта тлумачыцца рашэньнямі, прынятымі Эўразьвязам пасьля падзеяў 19 сьнежня:

«Яны перакрэсьліваюць сур’ёзныя дасягненьні ў нашых двухбаковых дачыненьнях. Яны змушаюць беларускі бок да адпаведных захадаў у адказ. Але мы перакананыя, што рашэньне ўсіх праблем трэба шукаць праз адкрыты і канструктыўны дыялёг. Мы перакананыя, што ўсе бакі захоўваюць магчымасьць вярнуцца да нармальнай сыстэмы ўзаемадачыненьняў і супрацоўніцтва».

Алесь Лагвінец
Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец лічыць: стасункі з Варшавай сапсаваліся з-за таго, што Польшча настойліва дамагаецца вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі:

«Ёсьць пэўная лёгіка ў дачыненьнях дыктатарскага рэжыму Беларусі з Польшчай. Польшча выкарыстоўваецца ня першы раз у найбольш вострыя ідэалягічныя моманты для беларускага рэжыму як вонкавы вораг. І тады заўсёды актуалізуюцца старыя ідэалягічныя стэрэатыпы наконт таго, што Польшча хоча захапіць Беларусь. І пакуль у Беларусі будзе існаваць такі рэжым, істотнае паляпшэньне дачыненьняў з Варшавай наўрад ці можна прадбачыць».

Што тычыцца пэрспэктывы дачыненьняў Менску і Брусэлю, то тут палітоляг Лагвінец адзначае:

«Вельмі складана вярнуцца да ранейшых дачыненьняў з Эўразьвязам, калі беларускія ўлады ня вызваляць палітвязьняў і не прадэманструюць яшчэ шэраг пазытыўных крокаў. Тым больш у кантэксьце будучага старшынства Польшчы ў Эўразьвязе».

Польшча пачне старшыняваць у ЭЗ 1 ліпеня 2011 году.
XS
SM
MD
LG