Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец толькі цяпер атрымаў лісты ад бацькоў


Павал Севярынец

Павал Севярынец

Кастусь Севярынец, бацька зьняволенага ў СІЗА КДБ палітыка, лічыць, што паўтара месяца лісты да Паўла проста не даходзілі. Падставы, каб гэтак меркаваць, дае апошні сынаў допіс — 17-га лютага бацькі атрымалі ад яго чарговы ліст.

Паводле Кастуся Севярынца, у лісьце напісана: "Атрымаў два матуліных лісты ад 6-га і 9-га лютага. Нарэшце! Вельмі-вельмі-вельмі рады!"

Спадар Севярынец кажа, што лісты да Паўла яны з маці пішуць амаль штодня, ад самага дня зьняволеньня 19-га сьнежня. І лічыць абуральным, што двухбаковай сувязі з сынам не было амаль паўтара месяца: бацькі за гэты час атрымалі ад Паўла Севярынца 5 лістоў, а ён з дому — толькі два, прычым зусім нядаўна. Адна зь верагодных прычынаў, лічыць Кастусь Севярынец, — гэта ягоныя вершы, якія ён перасылае сыну і якія маглі падацца супрацоўнікам КДБ занадта палітызаванымі.

Харчовыя перадачы, як вынікае зь лістоў, Павал атрымлівае рэгулярна. Аднак праблемы зь ліставаньнем сталі для бацькоў непрыемнай нечаканасьцю: Кастусь Севярынец ведае, што зьняволенаму пішуць ня толькі яны, але і мноства іншых людзей, якія хочуць яго падтрымаць. І тое, што Павал Севярынец не атрымлівае адрасаванай яму карэспандэнцыі, бацькі лічаць дадатковым псыхалягічным ціскам на палітвязьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG