Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Прапанову вылучыць Уладзімера Някляева ад Беларусі на самую прэстыжную літаратурную прэмію сьвету выказаў на агульным сходзе сяброў ПЭН-цэнтру паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

Сход, які адбыўся 17 лютага ў Менску, аднагалосна ўхваліў прапанову і вырашыў неадкладна распачаць неабходную для намінаваньня працэдуру.

Уладзімер Някляеў — аўтар звыш двух дзясяткаў кніг паэзіі і прозы. Ягоныя творы перакладаліся на шмат якія мовы рэспублік былога СССР і эўрапейскіх краінаў, у Расеі і Польшчы выходзілі асобнымі кнігамі. Ён — ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і першай прэміі І Міжнароднага фэстывалю славянскай паэзіі "Поющие письмена" (Цьвер, Расея), які адбыўся ў 2009 г.



У розны час Уладзімер Някляеў быў галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца" і тыднёвіка "Літаратура і мастацтва", старшынёй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Ад 2009 году — Ганаровы старшыня ПЭН-цэнтру. Балятаваўся на прэзыдэнта краіны на апошніх выбарах, у дзень якіх летась 19 сьнежня быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі спэцслужбаў і зьняволены ў турме КДБ. Ад 21 студзеня знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтру пераабраў на новы тэрмін старшынёй арганізацыі паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча. У раду ПЭНу абраныя Алесь Анціпенка, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Андрэй Скурко, Марыя Мартысевіч, Уладзімер Сіўчыкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG