Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агульны сход ПЭН-цэнтру – без Уладзімера Някляева


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

У Менску распачаўся агульны сход сяброў Беларускага ПЭН-цэнтру. Гэтая нацыянальная арганізацыя Міжнароднага клюбу паэтаў, эсэістаў і навэлістаў (ПЭН) закліканая бараніць правы людзей, чыёй прафэсіяй ёсьць слова. Апроч іншых пытаньняў, на парадку дня — заява з рэзкім асуджэньнем палітычных рэпрэсіяў у краіне.

"У Беларусі працягвецца жорсткі перасьлед нязгодных з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Падчас масавых пратэстаў 19 сьнежня было зьбіта і затрымана каля 700 чалавек. Некалькі тысяч было арыштавана, абшукана, дапытана ў наступныя месяцы ў межах распачатай крымінальнай справы аб "масавых беспарадках". Зараз 42 чалавекі абвінавачаныя і 12 падазраюцца па гэтай справе. Сярод тых, каго рэпрэсуюць на сумнеўных падставах, ёсьць і сябры РГА "Беларускі ПЭН-цэнтар" Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута. Мы перакананыя, што выстаўленыя супраць іх абвінавачаньні — несправядлівыя, і патрабуем іх неадкладнага вызваленьня, а таксама аб’ектыўнага расьсьледаваньня справы", — гаворыцца ў заяве агульнага сходу сяброў Беларускага ПЭН-цэнтру.

Ганаровага старшыню гэтай грамадзкай арганізацыі паэта Ўладзімера Някляева ўлады ўтрымліваюць пад хатнім арыштам, і прысутнічаць на агульным сходзе яму не дазволена. На запрашэньне рады ПЭНу на сход прыйшла жонка ўвязьненага ганаровага старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру – Вольга Някляева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG