Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пункціры” Алеся Разанава на сцэне філярмоніі


Галіна Дзягілева і Алесь Разанаў

Галіна Дзягілева і Алесь Разанаў

17 лютага ў Малой залі імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філярмоніі будзе прэм’ера спэктаклю “Пункціры”. Паводле твораў Алеся Разанава спэктакль прадстаўляе тэатар аднаго актора “Зьніч”. Напярэдадні на генэральнай рэпэтыцыі “Пункціраў” пабывала карэспандэнтка Свабоды.

Ідэя спэктаклю і аўтарства сцэнару належыць мастацкай кіраўніцы тэатру “Зьніч” Галіне Дзягілевай. Са шматлікіх наватарскіх жанраў Алеся Разанава яна выбрала вэрсэты і пункціры.

У спэктаклі два акторы – сама Галіна Дзягілева і Ўладзімер Рагаўцоў. Яны чытаюць пункціры і вэрсэты Алеся Разанава пад музыку барока. Для спэктаклю яе падабралі і адаптавалі піяністка Натальля Сазановіч і цымбалістка Тацяна Шумакова. Іх дуэт становіцца трэцяй дзейнай асобай гэтай паэтычна-музычнай п’есы.

На рэпэтыцыі прысутнічаў і за дзеяньнем актораў і музыкаў на сцэне ўважліва сачыў аўтар тэатралізаваных твораў. Убачанае і пачутае Алесь Разанаў ухваліў:
Мастацтва пасягае на немагчымае. І водгукі гэтага немагчымага я чуў, яны прысутнічалі.

“Яны агучылі, паднялі, вынесьлі на сцэну тэксты, якія я сам амаль што не чытаў уголас. І для мяне гэта першае ўражаньне, што яны – гучаць”.

Тэатралізаваць, упрыгожваючы, так бы мовіць, складаныя філязофскія вершы знанага паэта – справа даволі рызыкоўная. За зьнешнімі эфэктамі можа згубіцца сутнасьць твораў, якая і пры чытаньні на самоце не заўсёды спасьцігаецца чытачом зь першага разу. Алесь Разанаў тэатралізацыю ацаніў належна.

“Гавораць, палітыка – гэта мастацтва магчымага. Але само мастацтва яно пасягае на немагчымае. І вось водгукі гэтага немагчымага таксама я чуў, яны прысутнічалі, яны ўвідавочніваліся”.

Пачатак прэм’еры “Пункціраў” у Малой залі імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілярмоніі сёньня а 19-й.

Галіна Дзягілева, мастацкая кіраўніца тэатру “Зьніч”

Алесь Разанаў


піяністка Натальля Сазановіч і цымбалістка Тацяна Шумакова

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG