Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца першы працэс над удзельнікам Плошчы-2010


Васіль Парфянкоў у Курапатах у 2002 годзе ля згарэлага намёту

Васіль Парфянкоў у Курапатах у 2002 годзе ля згарэлага намёту

17 лютага ў Фрунзенскім судзе Менска пачынаецца працэс над Васілём Парфянковым, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых непарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году.

Працэс пачнецца а 10 гадзіне раніцы. Пакуль няма зьвестак, у якім рэжыме будуць праходзіць пасяджэньні: адкрытым ці закрытым. У Фрунзенскім судзе пра гэта нічога ня кажуць, а да судзьдзі Вольгі Комар, якая будзе весьці справу, датэлефанавацца не ўдалося.

Што вядома пра абвінавачанага? Парфянкоў – былы сябра Беларускай партыі Свабоды, у 2002 годзе адзначыўся як адзін з абаронцаў Курапатаў.

Імя Васіля Парфянкова зноў загучала ў паказаным па БТ прапагандысцкім фільме "Жалезам па шкле", дзе хлопца абвінавацілі ў тым, што ён біў шкло ў Доме ураду ды паведамілі, што ён раней меў судзімасьць. Адносна прыналежнасьці да нейкай арганізацыі пра Васіля Парфянкова было сказана, што ён з кампаніі "Гавары праўду".

Ніна Пахлопка, якая была дырэктарам асьветніцкай установы "Рух наперад", у межах якой дзейнічала кампанія "Гавары праўду", пацьвердзіла, што Васіль Парфянкоў сапраўды быў у актывістах кампаніі, але падрабязнасьцяў ягонай дзейнасьці згадаць не змагла:

"Калі шчыра, калі б мне фотаздымак паказалі... Нават кампутар у мяне забралі, дзе можна было паглядзець, а так згадаць нешта пэўнае не магу".

Праваабаронца Наста Лойка кажа, што пасьля 19 сьнежня праваабаронцы аказвалі юрыдычную дапамогу сябру Парфянкова, але больш кантактаў з гэтым сябрам не было. А бацькі Васіля Парфянкова, паводле зьвестак, ягоным лёсам не цікавяцца. Наста Лойка распавяла:

"Што вядома пра Васіля Парфянкова? Браў удзел ў майдане на Украіне, калі абіралі Віктара Юшчанку, потым быў адным з удзельнікаў Плошчы ў 2006 годзе ў Менску. Зараз ён быў у ініцыятыўнай групе Някляева. Вядома, што раней, у 2004 годзе, невялічкі час быў у "Маладым фронце". А чаму менавіта ён патрапіў у тыя, каго судзяць, прычым першым? Вядома, што ў яго была раней крымінальная справа, хаця і нейкая сумнеўная, якая выклікае шмат пытаньняў. Магчыма, менавіта таму яго першым і судзяць – для малюнка, каб паказаць, што неаднаразова судзімы біў шкло у Доме ўраду."

Хто адвакат Васіля Парфянкова, і як ён сам ставіцца да абвінавачаньня стане вядома сёньня на працэсе.

Пра Васіля Парфянкова вядома, што ён нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Менску, скончыў 9 клясаў менскай школы №163, працаваў аўтасьлесарам ў 7 аўтапарку Менску.
XS
SM
MD
LG