Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатам стаць будзе яшчэ складаней


У адвакатаў, якія абараняюць затрыманых падчас акцыі 19 сьнежня, узьнікаюць праблемы. Міністэрства юстыцыі зьвярталася ў Менскую гарадзкую калегію адвакатаў з прапановай пакараць некаторых адвакатаў, але калегі праявілі карпаратыўную салідарнасьць і адмовіліся гэта рабіць. Былыя адвакаты Ірыны Халіп Уладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева пазбаўленыя ліцэнзій. Сёньня стала вядома пра яшчэ адно новаўвядзеньне — Міністэрства юстыцыі прыняло рашэньне увесьці новыя патрабаваньні да кандыдатаў на атрыманьне адвакацкай ліцэнзіі і зьмяненьні парадку здачы кваліфікацыйнага іспыту. Што за гэтым стаіць?

Cтаршыня Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксандар Пыльчанка пацьвердзіў інфармацыю пра пазбаўленьне ліцэнзій былых абаронцаў Ірыны Халіп:

— Адвакатаў Тоўсціка і Гараеву пазбавілі адвакацкіх ліцэнзій літаральна ўчора з тлумачэньнем, што яны не аказалі юрыдычнай дапамогі Халіп.

— Міністэрства юстыцыі пазбавіла?

— Так, Мін’юст.

— А вашым меркаваньнем цікавіліся?

— Не, пра наша меркаваньне не пыталіся.

Сёньня на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі зьявілася паведамленьне пра ўдасканаленьне працэдуры здачы кваліфікацыйнага іспыту на права займацца адвакацкай дзейнасьцю. Як напісана ў дакумэнце, «у мэтах забесьпячэньня абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў».

Пыльчанка: «Па працэдуры ўдасканаленьня нічога ня ведаем пакуль. Што там распрацоўваецца, што там рыхтуецца, што будзе — да гэтага дачыненьня ня мелі і ня ў курсе былі да сёньняшняга дня. Нас не інфармуюць, што нешта новае рыхтуецца. Сёньня прачыталі тое, што ёсьць на сайце. Хаця мы хочам, каб нас прыцягвалі таксама да гэтага працэсу. Але на сёньняшні дзень нас пакуль не запрашалі ўдзельнічаць у гэтым».
Нас не інфармуюць, што нешта новае рыхтуецца.


І да гэтага атрымаць адвакацкую ліцэнзію было ня так проста, кажа адвакатка Тацяна Станкевіч:

«У прынцыпе, тыя, хто атрымлівае ліцэнзію ўпершыню, праходзяць даволі складаны, вельмі сур’ёзны іспыт, да таго ж яшчэ і сумоўе. То бок гэта даволі няпростая працэдура. А зараз будзе яшчэ складаней».

Пыльчанка: «Праз кожныя 5 гадоў праходзіць атэстацыя адвакатаў. Калі адвакат ня мае спагнаньняў, ягоная кандыдатура прадстаўляецца ў Міністэрства юстыцыі для працягу ліцэнзіі. Калі ў адваката ёсьць нейкія парушэньні, спагнаньні, ён выклікаецца на камісію. Такі парадак на сёньняшні дзень».

Цяпер Мін’юст прапануе зрабіць іспыты двухузроўневымі (пісьмовы і вусны), потым давядзецца пацьвярджаць кваліфікацыю, веды заканадаўства, навыкі правакарыстаньня. Як будзе адбывацца сама працэдура, хто будзе прымаць гэтыя істыпы, дакладна нідзе пакуль не прапісана.

Пыльчанка: «Гэта будзе залежаць ад таго, якое палажэньне прымуць. Што гэта будзе — кваліфікацыйная камісія альбо што іншае, можа, прыдумаюць нейкі іншы орган. На сёньняшні дзень пры Міністэрстве юстыцыі прымае экзамэн кваліфікацыйная камісія. Сказаць, які склад гэтай камісіі на сёньня, дакладна не магу, таму што яе склад быў павялічаны тыдзень-два таму. Быццам бы 18 чалавек у яе складзе».

Паводле новых правілаў, будзе сумоўе, падчас якога кваліфікацыйная камісія вызначыць агульны ўзровень падрыхтоўкі прэтэндэнта. Будуць і запатрабаваныя рэкамэндацыі і характарыстыкі з апошняга месца працы прэтэндэнта ў адвакаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG