Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі зьвярнуўся да Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС з заяўкай вылучыць крэдыт на суму да 2 млрд. даляраў, паведаміў журналістам у Менску віцэ-прэм'ер Сяргей Румас.

Як паведамляе Interfax, міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, у сваю чаргу, сказаў журналістам, што адпаведная заяўка пададзена і квота Беларусі складае каля 1,7 млрд. даляраў.

Паводле міністра, заяўка Беларусі разглядаецца цяпер выканаўчымі органамі фонду, і Беларусь разьлічвае атрымаць адказ ад Банку ЭўрАзЭС у сакавіку гэтага году.

Сп-р Румас таксама паведаміў, што ў зараз урад не разглядае магчымасьці запазычаньняў на рынкавых умовах.

Між тым міністар фінансаў сказаў, што мінфін плянуе ў гэтым годзе разьмясьціць дадаткова эўрабонды на 200 млн. даляраў у дадатак да 800 млн. даляраў, разьмешчаных у студзені сёлета. Аднак, паводле сп-ра Харкаўца "сёньня рынкі нязручныя і ў бліжэйшы час мы ня будзем рабіць запазычаньні".

Ён таксама пацьвердзіў пляны разьмясьціць на расейскім рынку аблігацыі на 8 млрд. расейскіх рублёў. Аднак, паводле міністра, гэта пляны не бліжэйшых месяцаў, пакуль беларускі бок не зьбіраецца ні дадаткова выпускаць эўрабонды, ні аблігацыі для расейскага рынку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG