Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ абараніў падмуркі касьцёла сьвятога Ксавэрыя


На месцы езуіцкага касьцёлу сьвятога Ксавэрыя камэрцыйная фірма «Сэрвалюкс» зьбіралася ўзьвесьці сабе сядзібу. Супраць гэтага паўсталі актывісты ТБМ. Яны запатрабавалі ад уладаў правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня на тэму, ці хочуць магілёўцы бачыць у цэнтры свайго гораду сучасны будынак, ці адбудаваную камяніцу касьцёлу. Сёньня гарвыканкам пастанавіў адмовіць «Сэрвалюксу» ў правядзеньні праектных прац.

Старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства Беларускай мовы Алег Дзьячкоў:

«Калі пачалі пратэставаць, многія чыноўнікі, архітэктары нават грамадзкія дзеячы казалі, што гэта марнаваньне часу, бо ўсё даўно вырашана. Але ж мы рызыкнулі й зьвярнуліся да грамадзкасьці. Вакол нашай справы аб’ядналася шмат людзей. Наколькі вядома, у Магілёве ўсе справы, зьвязаныя з забудовай, вырашаюцца кулюарна. Нам жа ўдалося абараніць помнік архітэктуры яшчэ да ягонага зьнішчэньня. Далейшым крокам можа быць абмеркаваньне, што наагул у Магілёве можна адбудаваць, а таксама канцэпцыі разьвіцьця гістарычнага цэнтру гораду з прыцягненьнем да гэтага грамадзкасьці».

Касьцёл сьвятога Ксавэрыя зруйнавалі ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя. Узьведзены ён быў у 1725 годзе побач з Каралеўскай брамаю. Па выгнаньні ўладамі Расейскай імпэрыі езуітаў зь Беларусі ў трыццатых гадах дзевятнаццатага стагодзьдзя касьцёл перадалі праваслаўным вернікам. Яны дабудавалі на каталіцкай сьвятыні шматгранны купал і далі ёй новы назоў — Уваскрасенская царква.

Побач з касьцёлам была гасьцініца «Парыж». Яе будынак таксама зьнішчаны.

Цяпер на месцы сьвятыні і гатэлю — пустка. Ад колішняга пляцу, дзе быў касьцёл, застаўся толькі будынак драматычнага тэатру ды адгароджаны жылым будынкам касьцёл сьвятога Станіслава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG