Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску патрабавалі вызваліць палітвязьняў


Фота — <a href="http://www./be/news/2011/2/16/2125/" target="_blank">europeanbelarus.org</a>

Фота — <a href="http://www./be/news/2011/2/16/2125/" target="_blank">europeanbelarus.org</a>

16 лютага — Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітзьняволенымі ў Беларусі. З гэтай нагоды пікеты салідарнасьці сёньня адбываюцца ў Вільні, Варшаве і Маскве. У Менску акцыю ладзілі актывісты «Эўрапейскай Беларусі».

Акцыю салідарнасьці ў Менску правялі сёньня васьмёра актывістаў «Эўрапейскай Беларусі». Каля кінатэатра «Кастрычнік» яны выстраіліся ў ланцуг з партрэтамі зьняволеных і расьцяжкай «Свабоду палітвязьням». Прастаялі каля паўгадзіны. Міліцыянты і супрацоўнікі КДБ затрымаць удзельнікаў не пасьпелі.

З партрэтамі зьніклых і зьняволеных на вуліцы Менску актывісты дэмакратычнай апазыцыі выходзяць 16 чысла кожнага месяца цягам пяці гадоў. Апошнім часам праводзіць такія акцыі ўсё цяжэй. Чаму — тлумачыць адзін з арганізатараў і сталых удзельнікаў, намесьнік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка:

Мікола Дземідзенка
«Мы пакуль што адмовіліся ад індывідуальных акцыяў, супольныя апазыцыйныя акцыі зараз малалікія і не прыносяць посьпеху. Таму мы сканцэнтраваліся на інфармацыйных акцыях аб праблеме палітвязьняў, якія праводзім па ўсёй краіне. Што тычыцца традыцыйных акцыяў салідарнасьці з выхадам на плошчу, то іх пакуль ня будзе, на жаль. Але прыйдзе час, і мы іх адновім».

Удзельнікаў акцыяў салідарнасьці неаднаразова затрымлівалі і судзілі, іх жорстка зьбівалі спэцслужбы. Пасьля падзеяў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці Дзень салідарнасьці 16 чысла пачаў саступаць месца акцыям салідарнасьці з новымі беларускімі палітвязьнямі, кажа адна з заснавальніц камітэту сваякоў новых беларускіх палітвязьняў «Вызваленьне», жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Вольга:

«У нас зараз знакавыя лічбы крыху ссунуліся — усе акцыі салідарнасьці на 19-га пераходзяць. Думаю, што гэта ня вельмі правільна, бо ня варта забывацца пра зьніклых. А магчыма, што сапраўды першасная задача — адстаяць і вызваліць палітычных лідэраў, каб разам зь імі мы маглі ізноў гучна гаварыць пра тое, што калісьці адбылося больш страшнае».

Наста Лойка
Ужо заўтра, 17 лютага, распачынаюцца першыя суды над зьвінавачанымі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Дэмакратычным сілам зараз вельмі важна сканцэнтравацца на кампаніі інфармаваньня і салідарнасьці з палітвязьнямі — гэтак пракамэнтавала адсутнасьць вулічнай акцыі апазыцыі праваабаронца Наста Лойка:

«Адкрыта выходзіць маласэнсоўна, бо людзей адразу ж затрымліваюць і вельмі строга караюць: альбо штрафы, альбо працяглыя тэрміны зьняволеньня. Таму натуральна, што людзі не выходзяць з кожнай нагоды. А 19-га — сама лічба пасьля 19 сьнежня набыла знакавы сэнс, бо пасьля гэтага ў краіне адбыўся пераварот, калі апынуліся пад перасьледам многія людзі, якія маюць іншую думку. Таму большая ўвага зараз перайшла на гэтую дату».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG