Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет пасьля Мубарака


Дзе грошы Мубарака і дзе ён сам, хто можа быць яго наступнікам, якую будучыню могуць падрыхтаваць Эгіпту вайскоўцы?

Паводле крыніцаў Reuters, стан здароўя 82-гадовага Мубарака пагаршаецца, але ён адмаўляецца ад парады выехаць на лячэньне ў Нямеччыну. Ён папрасіў сваё акружэньне даць яму магчымасьць памерці ў Эгіпце. Мубарак цяпер знаходзіцца зь сям’ёй у сваёй віле на ўзьбярэжжы Чырвонага мора ў раёне курорту Шарм-эш-Шэйх. Адразу пасьля яго адстаўкі апазыцыйныя лідэры запатрабавалі поўнага расьсьледаваньня фінансавай актыўнасьці сям’і Мубарака. Швэйцарскія ўлады яшчэ ў мінулую пятніцу аддалі загад замарозіць усё рахункі прэзыдэнта і яго блізкіх.

Два сыны Мубарака – Алаа і Гамаль належаць да бізнэс-эліты Эгіпту, паведамляецца, што яны цесна зьвязаныя з найбуйнейшым інвэстыцыйным банкам краіны EFG-Hermes. Газэта International Herald Tribune у сваёй публікацыі ў панядзелак прывяла падлікі, паводле якіх багацьце Мубарака можа быць ацэненае на 70 мільярдаў даляраў. Аднак, паводле амэрыканскіх афіцыйных крыніцаў, на якія спасылаецца тая самая газэта, рэальная лічба можа быць 2-3 мільярды. Галоўным пытаньнем цяпер застаецца, ці дазволяць вайскоўцы, што прыйшлі да ўлады, поўнае расьсьледаваньне крыніцаў багацьця прэзыдэнцкай сям’і і асабліва тое, наколькі яно зьвязанае з карупцыяй.

Як вядома, на чале часовай кіроўнай рады стаў міністар абароны, 75-гадовы Хусэйн Тантаві. Учора рада паабяцала, што на працягу 10 дзён група экспэртаў падрыхтуе папраўкі ў Канстытуцыю, якія дазволяць правесьці ў краіне свабодныя выбары яшчэ сёлета. Агенцтва AP сёньня нагадвае, што Тантаві змагаўся ў эгіпецкай арміі у трох войнах супраць Ізраілю – у 1956, 1967 і 1973 гадах. У 1991 ён быў прызначаны галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. У часе народных выступаў сёлета паказаў сябе вялікім папулістам, калі наведаў лягер пратэстоўцаў на плошчы Тахрыр. AP прыводзіць водгукі пра Тантаві, якога з аднаго боку хваляць за тое, што армія паказала сваю салідарнасьць з народам, а з другога па традыцыі лічаць “лёкаем Мубарака”. AP цытуе ўрывак амэрыканскай дыпляматычнай перапіскі з 2008 году, апублікаваны сэрвэрам WikiLeaks нядаўна. Аўтар дэпэшы пісаў адносна Тантаві: “Ён і Мубарак засяроджаныя на стабільнасьці рэжыму і захаваньні статусу кво да канца іх часу. Яны папросту ня маюць ні энэргіі, ні ініцыятывы, ні сьветапогляду, каб рабіць нешта інакш”.

Сваім поглядам на будучыню дэмакратычнага Эгіпту сёньня ў газэце Washington Post падзялілася Кандаліза Райс, якая займала пасаду дзяржсакратара ЗША і наведвала Эгіпет. Ёсьць зразумелыя засьцярогі, піша яна, што гэтыя падзеі ня скончацца так добра. Мубарак заўсёды казаў, што выбар стаіць паміж ім і “Братамі-мусульманамі” і праводзіў палітыку, якая вяла да спраўджваньня гэтага прароцтва. Калі многія сьвецкія лідэры перасьледаваліся рэжымам, кідаліся ў турмы, “Браты-мусульмане” арганізоўваліся ў мячэцях і прапаноўвалі сацыяльную дапамогу, якую ня мог даць рэжым. “Браты-мусульмане” уяўляюць сабою найбольш арганізаваную палітычную сілу ў Эгіпце.

Найбольш важны крок цяпер, піша Райс, выказаць упэўненасьць у дэмакратычнай будучыні Эгіпту. Эгіпцяне – не іранцы, і цяпер не 1979 год. Эгіпецкія інстытуцыі мацнейшыя і больш сэкулярызаваныя. Трэба прымушаць іх адстойваць сваё бачаньне Эгіпту. Ці сапраўды яны хочуць увядзеньня законаў шарыяту? Ці сапраўды яны будуць працівіцца існаваньню Ізраілю праз бомбавыя тэракты і ўзброены супраціў? Ці сапраўды яны выкарыстаюць Іран як палітычную мадэль? Дзе Эгіпет знойдзе працу для свайго народу? Няўжо яны спадзяюцца палепшыць жыцьцё эгіпцянаў праз дэстабілізацыю Блізкага Ўсходу і адарваньне ад міжнароднай супольнасьці? – пытаецца Кандаліза Райс.

На гэты момант, піша аўтарка, мы ня можам вызначыць прэфэрэнцыі сваёй замежнай палітыкі адносна новага ўраду Эгіпту. Але мы можам паўплываць на эгіпцянаў праз нашы сувязі з вайскоўцамі, грамадзянскай супольнасьцю і паабяцаць эканамічную дапамогу і вольны гандаль з мэтай паляпшэньня жыцьця людзей Эгіпту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG