Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тыя, хто ў турме КДБ, за народ? Дык чаму гэта народу "да лямпачкі"?"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 16 лютага 2011 году

Большая частка лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя лютаўскія дні, па-ранейшаму прысьвечана тэме палітычных рэпрэсіяў, што пачаліся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і працягваюцца дагэтуль. Арышты, ператрусы, допыты апазыцыйных і грамадзкіх актывістаў сталі ў Беларусі будзённай справай... Усе гэтыя падзеі знаходзяць адлюстраваньне і ў эфіры "Свабоды", і ў нашай пошце.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста слухача, якога нельга назваць сябрам "Свабоды". Наадварот, тое, што гучыць у нашым эфіры, ён лічыць няпраўдай і крывадушнасьцю, а арышты апазыцыйных лідэраў і актывістаў цалкам апраўдвае і вітае. У сваім лісьце на "Свабоду" Сяргей Бабняцоў з Магілёва піша:

"Вашы перадачы — гэта суцэльны лямант пра ўціск і перасьлед так званых "дэмакратаў". І гэта зьдзіўляе. Калі чалавек не парушае законы, то хто яго можа перасьледаваць? Сядзі ціха, не парушай заканадаўства — і цябе ніхто не зачэпіць.

Але ў "Свабоды" чамусьці ўсе крымінальнікі аказваюцца вязьнямі сумленьня. Узяць тых жа кандыдатаў у прэзыдэнты. Улада дазволіла ім удзельнічаць у выбарах. Але ж яны выкарысталі гэта, каб зрабіць спробу расхістаць падмурак дзяржавы, каб захапіць уладу паводле кіргіскага сцэнару. Дык што ж вы хочаце — каб за гэта па галоўцы гладзілі? Не ўжо, парушыў закон — атрымай па заслугах. І няма чаго цяпер аб гэтым сьлёзы ліць. Было б горш, калі б плакаць давялося мільёнам беларусаў у выпадку, калі б авантура ўдалася.

Вы самі цудоўна ведаеце, што Лукашэнка атрымаў на выбарах пераканаўчую перамогу. Гэта пацьвярджаюць усе дасьледаваньні, у тым ліку замежныя.

Так, Лукашэнка не падабаецца так званым "дэмакратам", яны яго ненавідзяць. Дык што рабіць? Навошта ж ад нянавісьці лезьці на сьцены і рваць на сабе кашулю?

Пагаджаюся, у яго, як і ў кожнага сьмяротнага, нямала недахопаў. Але ёсьць і галоўнае, за што яго цэняць людзі. Ён сумленны перад сваім народам, ня злодзей — у адрозьненьне ад многіх, хто пры ўладзе. Добры арганізатар. У цяперашніх найцяжэйшых умовах манэўруе, шукае выйсьце, але не гандлюе краінай. Ён — сапраўдны гарант незалежнасьці, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Сяргей Бабняцоў з Магілёва. — А ягоныя канкурэнты? Ці быў сярод іх хоць адзін, хто мог стаць паўнавартаснай альтэрнатывай Лукашэнку паводле здольнасьці кіраваць краінай?

Ніколі не пераможа на выбарах у нас той, якога падтрымліваюць сілы звонку. Таму што гэта — наўпростая залежнасьць ад крэдытораў. А апазыцыйныя кандыдаты ў даўгах пад завязку.

Замест таго каб перамагаць на выбарчых участках, яны клікалі людзей на плошчу. Дзеля чаго? На што разьлічвалі — што Захад дапаможа? Хіба не разумелі, што Беларусь — не Кіргізстан? Наш народ у сваёй абсалютнай большасьці задаволены ўладай.

Клічаш народ на плошчу — тысячу разоў падумай, што з гэтага атрымаецца, ці гатовы ты пэрсанальна адказваць, калі натоўп выйдзе з-пад кантролю.

Дапусьцім, што за кратамі апынуліся людзі, якія, як вы сьцьвярджаеце, сапраўды бескарысьліва клапаціліся пра народ, адлюстроўвалі яго памкненьні. Дык хіба народ у такім выпадку змаўчаў бы? Але ж усім, як бачыце, да лямпачкі. А чаму? Ды таму, што гэтыя дзеячы прадажныя. І народ гэта бачыць. І падтрымліваюць іх цяпер толькі тыя, хто атрымлівае за гэта даляры. А проста так, бясплатна крычаць на вуліцы — няма дурных...

Не чакаю і не разьлічваю, што вы прачытаеце мой ліст. Ведаю: за такое застаняцеся бяз працы. І па пошце мне адказваць ня трэба. Добра ўжо тое, што вы асабіста прачыталі шчыры ліст не свайго сталага аўтара, а простага чалавека з народа, які думае інакш, чым вы"
.

У сёньняшняй Беларусі, спадар Сяргей, няма справядлівых дэмакратычных выбараў. Апазыцыйныя кандыдаты заклікалі людзей на плошчу 19-га сьнежня, бо і яны, і любыя іншыя неперадузятыя людзі (нават далёкія ад палітыкі) загадзя ведалі, якія вынікі галасаваньня абвесьціць падкантрольны ўладзе Цэнтравыбаркам.

Ці атрымаў Лукашэнка на выбарах перамогу (а тым больш, як вы, спадар Сяргей, сьцьвярджаеце, перамогу "пераканаўчую") — пытаньне вельмі спрэчнае. Калі ўлада была ўпэўнена ў сваім трыюмфе, калі яна хацела, каб ніхто ня меў сумневу ў яе пераканаўчай перавазе — што замінала ўключыць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў усіх кандыдатаў, як гэта робіцца ва ўсім цывілізаваным сьвеце? Няхай назіраюць, лічаць, правяраюць, пералічваюць. Калі ты не мухлюеш і ня хлусіш — чаго баяцца? І чаго баяцца незалежных сацыёлягаў, якім забаранілі праводзіць апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў (так званыя экзыт-полы)?

Усе аўтарытарныя рэжымы падобныя паміж сабой і падобным жа чынам іх кіраўнікі спрабуюць пажыцьцёва ўтрымаць у сваіх руках непадзельную ўладу. Былы туніскі дыктатар Бэн Алі кіраваў сваёй краінай з '87 году. На чарговых перавыбарах год таму тамтэйшы Цэнтравыбаркам налічыў яму ажно 90 працэнтаў падтрымкі. Чаго былі вартыя гэтыя лічбы, месяц таму ўбачыў увесь сьвет, назіраючы, што адбывалася на вуліцах туніскай сталіцы і як Бэн Алі ратаваўся ўцёкамі, ледзь пасьпеўшы спакаваць у багаж паўтары тоны золата. Тое ж толькі што адбылося ў Эгіпце, кіраўнік якога Мубарак таксама, так бы мовіць, "пераканаўча перамагаў" на ўсіх выбарах ажно тры дзесяцігодзьдзі запар.

І апошняя ваша, спадар Сяргей, заўвага — пра тое, што народ змаўчаў, ня выйшаў абараняць палітвязьняў. Маўляў, калі б апазыцыянэры сапраўды адстойвалі грамадзкія інтарэсы, дык народ "не змаўчаў бы". Людзі ведалі, які лёс напаткаў сотні ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19-га сьнежня. Тых нямногіх хлопцаў і дзяўчат, якія адважыліся выйсьці на плошчу Незалежнасьці 20-га сьнежня, каб падтрымаць палітвязьняў, таксама затрымалі, зьбілі, арыштавалі. Людзей, якія наважваюцца адкрыта выказваць пратэст, звальняюць з працы, адлічваюць з вучобы, цягаюць на допыты, наладжваюць ператрусы ў кватэрах... Запалохаць людзей такім чынам на нейкі час можна, але прымусіць шанаваць уладу, давяраць ёй, ставіцца да яе з павагай і гордасьцю — ніколі.

Свой пункт гледжаньня на ўрокі і наступствы падзеяў 19-га сьнежня — у нашага слухача Ігната Гавенскага з Полацку. У лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Плошча вылезла гэтай уладзе бокам. Так, яна нібыта разграміла сваіх палітычных супернікаў. Дзясяткі апазыцыянэраў могуць правесьці ў турме доўгія гады. Але што атрымаў Лукашэнка ўзамен за гэты так званы "трыюмф"? З боку Захаду — поўная ізаляцыя, забарона на ўезд для паўтары сотні чыноўнікаў. З боку Расеі — маўклівая пагарда, зьдзеклівыя рэпартажы на фэдэральных тэлеканалах, якія здымаюцца яўна не без ухваленьня Крамля.

Ня думаю, што Лукашэнка цяпер яшчэ больш прыцісьне апазыцыю. Прыціснуць у адказ могуць і яго — эканамічнымі санкцыямі, адменай хакейнага чэмпіянату сьвету (а гэта ж любімая цацка рэжыму).

Важнае пытаньне: што нам цяпер рабіць? Лічу, найперш варта праводзіць акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі — прычым ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Асабліва трэба рыхтавацца да 25 сакавіка. Вядома, ёсьць небясьпека, што АМАП зноў пахапае людзей і могуць зьявіцца новыя палітвязьні. Каб гэтага не адбылося, варта пагадзіцца і на Бангалор. Важна, каб беларускае грамадзтва бачыла, што барацьба працягваецца"
.

Апазыцыйныя лідэры (тыя, хто пакуль застаецца на свабодзе) цяпер якраз спрачаюцца наконт таго, якой сёлета павінна быць акцыя 25-га сакавіка, дзе яе варта праводзіць, пад якімі лёзунгамі. Галоўным, аднак, выглядае пытаньне ня "Як?", а "Колькі?". Колькі людзей зьбярэцца сёлета на Дзень Волі — асабліва калі дазволу на шэсьце чыноўнікі не дадуць? Улада, сапраўды, дорага заплаціла (і працягвае плаціць) за палітычныя рэпрэсіі. І нішто не паказвае на тое, што яна, ужо разьлічыўшыся за гвалт і арышты сваёй рэпутацыяй і сапсаванымі адносінамі з Захадам, раптам перадумае, адступіцца і аслабіць жалезныя абдымкі.

Пра тое, як зьмянілася палітычная сытуацыя ў Беларусі пасьля мінулагодніх сьнежаньскіх выбараў, разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" і Віталь Міхалевіч зь вёскі Няловы Веткаўскага раёну. Слухач піша:

"Людзей цяпер гвалтам ператвараюць у паслухмяны статак, быдла. Увесь рэжым трымаецца толькі на жорсткім уціску любога іншадумства. У краіне няма сапраўднага парлямэнту — хоць бы такога, як у Расеі. Ну што гэта за дэпутаты? Ні ўласнай пазыцыі, ні ўласнага меркаваньня. Ім загадалі з адміністрацыі прэзыдэнта — яны ўсе дружна паднімаюць лапы "за", як статак бараноў.

А хіба можна называць апазыцыю "ворагамі народа", адмарозкамі", як гэта робіць Лукашэнка? Яны ж — частка нашага народу, адлюстроўваюць пазыцыю значнай колькасьці людзей.

Можна па-рознаму ставіцца да таго, што адбылося 19-га сьнежня. Вядома, дзеяньні часткі ўдзельнікаў таго мітынгу апраўдваць нельга. Але, з другога боку — на што разьлічвае ўлада, якая так раскалола грамадзтва, якая ня можа (ці ня хоча) знайсьці паразуменьне з рознымі сацыяльнымі слаямі, якая на любыя памкненьні да свабоды і дэмакратыі адказвае гвалтам і рэпрэсіямі?"
.

Улада, відавочна, разьлічвае на тое, што з дапамогай такіх мэтадаў зможа захаваць рэжым нязьменным і надалей — на працягу многіх гадоў (калі не дзесяцігодзьдзяў). Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай ужо сямнаццаты год, і нішто не паказвае на тое, што ён зьбіраецца саступіць месца камусьці іншаму. Але час аўтарытарных пажыцьцёвых правіцеляў мінуў ня толькі ў Эўропе — нават у Афрыцы. Вядома, кацёл народнага незадавальненьня і абурэньня нейкі час можна трымаць шчыльна зачыненым цяжкой накрыўкай рэпрэсій. Але калі тэмпэратура ў катле падвышаецца да крытычнага ўзроўню — таму, хто спрабуе ўтрымаць накрыўку, не пазайздросьціш...

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Вольгі Кавальскай са Смаргоні. Выказваючыся адносна зьместу перадач Радыё Свабода, слухачка піша:

"Дзякую вам, што вы ёсьць, што ёсьць наша Беларуская Свабода. Слухаю вашы перадачы кожны дзень і веру, што засьвеціць сонца і ў наша ваконца.

Калі мяне надта дапякуць ворагі Беларусі, якіх раздражняе і злуе ўсё беларускае, я як малітву паўтараю словы верша:

Што ж тады Беларусь за краіна,
Калі роднага слова ня мае?
Калі песень сваіх не сьпявае?
Калі мову сваю забывае?

А да чыноўнікаў я ўсё роўна зьвяртаюся на сваёй роднай беларускай мове — як бы іх гэта ні раздражняла"
.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG