Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошні тыдзень тром зьняволеным па “справе анархістаў” былі прад’ўленыя новыя сур'ёзныя абвінавачаньні.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна", Ігара Аліневіча, які быў затрыманы ў Маскве 28 лістапада 2010 года і неўстаноўленым шляхам апынуўся ў СІЗА КДБ, першапачаткова абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч.2 арт.339 КК РБ) па эпізодах нападу на расейскую амбасаду ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 года і за ўдзел у акцыі каля Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь 19 верасьня 2009 года.

Зараз стала вядома, што абвінавачаньне пашырылі: акрамя таго яму інкрымінуюць напад на казыно "Шангры Ла" ў Менску 05.12.2009 г., напад на офіс банка “Масква-Менск” 31.05.2010 г., напад на Расейскую амбасаду 30 жніўня 2010 г. і напад на турму Акрэсьціна 6 верасьня 2010 г. Гэтыя дзеяньні кваліфікуюцца па ч.2 арт.339 КК РБ і па ч.2 і 3 арт.218 (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці (да 12 гадоў зьняволеньня). Частку 3 арт.218 Ігару прад’яўляюць у сувязі з вялікім памерам шкоды. Толькі спаленая машына расейскай амбасады ацэньвецца каля 55 млн. беларускіх рублёў. У кошт кампэнсацыі стратаў канфіскавалі ягоны аўтамабіль. Тэрмін сьледзтва працягнуты на 9 месяцаў, тэрмін утрыманьня пад вартай – да красавіка.

Мікалай Дзядок знаходзіцца пад вартай з 3 верасьня 2010 г. 1 кастрычніка яму прад’явілі абвінавачаньне ў акцыі каля Генштаба 19 верасьня 2009 г. (злоснае хуліганства, здзейсьненае групай асобаў – ч.2 арт.339 КК РБ). Зараз яго перавялі ў СІЗА-1 у Менску на вуліцы Валадарскага і 15 лютага 2010 г. пашырылі абвінавачаньне: да эпізоду з Генштабам далучылі абвінавачаньне па нападах на казыно "Шангры Ла" і на будынак Федэрацыі прафсаюзаў 30.04.2010, што кваліфікавалі па двух артыкулах – ч.2 арт.339 КК РБ і ч.2 арт.218 КК РБ. Выдаткі ацанілі ў 2 400 000 бел.руб. Тэрмін утрыманьня пад вартай працягнуты да 6 сакавіка, тэрмін сьледзтва – да 12 красавіка.
Аляксандр Францкевіч таксама знаходзіцца пад вартай з 3 верасьня 2010 г. 20 верасьня яму прад’явілі абвінавачаньне па ч.2 арт.339 КК РБ – афіцыйна ён абвінавачваўся ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску, 14 лютага яму прад’явілі новае абвінавачаньне, згодна якому яго абвінавачваюць у акцыі пад Генштабам па ч.2 арт.339 КК РБ, салігорскі напад і напад на прафсаюзы па ч.2 арт.218 і па ч.2 арт.339 КК РБ. Матэрыяльная шкода гэтых дзеяньняў ацэньваецца ў 1 900 000 бел.руб. Знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага з Менску, Тэрмін утрыманьня пад вартай -- да красавіка 2011 г.

Таксама ў СІЗА на Валадарскага з 4 лістапада 2010 г. знаходзіцца Максім Веткін, які абвінавачваецца па ч.2 арт.339 КК РБ за напад на расейскую амбасаду.
XS
SM
MD
LG