Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма новага ўраду выклікае напружаньне ў міністраў


Міхаіл Мясьніковіч і Сяргей Сідорскі

Міхаіл Мясьніковіч і Сяргей Сідорскі

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачнуць разгляд праграмы дзеяньняў новага беларускага ўраду. А праз тыдзень, 23 лютага, яны на спэцыяльным пасяджэньні будуць прымаць гэтую праграму.

У афіцыйных дакумэнтах сёньняшняе мерапрыемства абазначанае як пашыранае пасяджэньне камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраваньню і рэглямэнту. Аднак пройдзе яно ў Авальнай залі, і тут насамрэч зьбяруцца ўсе дэпутаты. Перад імі выступяць першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка і ўсе віцэ-прэм'еры.

Намесьнік старшыні камісіі па прамысловасьці, паліва-энэргетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Анатоль Паўловіч знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў другі тэрмін. І таму можа параўноўваць пляны папярэдняга ўраду зь цяперашнім:

"Гэтая праграма раскладзеная па блёках. І яна – больш канкрэтная, чым ранейшыя. Калі пачынаеш яе вывучаць, гэта адразу кідаецца ў вочы. Мне падабаецца такі падыход".

Дэпутат Паўловіч кажа: у плянах цяперашняга ўраду палепшыць умовы вядзеньня бізнэсу і патрапіць па гэтаму паказьніку ў сьпіс 30 лепшых краін сьвету, а па індэксу чалавечага разьвіцьця – у першыя 50 краін:

"І ў гэтай праграме канкрэтна расьпісана, хто за што адказвае. У кожным індэксе ёсьць шмат складнікаў. І ў праграме ня проста напісана, што мы павінны патрапіць, напрыклад, у ТОП-30, а названыя канкрэтныя людзі, якія за гэта адказваюць".

На тое, што ўрад Міхаіла Мясьніковіча будзе дзейнічаць больш дынамічна, спадзяецца і экспэрт дыскусійна-аналітычнай супольнасьці "Лібэральны клюб" Яўген Прэйгерман:
Задачу, якая стаіць перад урадам, сродкамі, што звычайна выкарыстоўваюцца ў адміністратыўнай сыстэме, ня вырашыць.

"У адрозьненьне ад папярэдняга ўраду, гэты разумее, што словамі ўжо не абысьціся. І трэба рабіць нейкія канкрэтныя захады, каб рэфармаваць эканоміку. Гэта бачна і з канкрэтных словаў Мясьніковіча, і па нейкім напружаньні сярод міністраў і наагул усяго дзяржаўнага апарату.

Іншая, канечне, справа, што, на маю думку, задачу, якая стаіць перад урадам, сродкамі, што звычайна выкарыстоўваюцца ў адміністратыўнай сыстэме, ня вырашыць. Але ж яны спрабуюць гэта зрабіць. І адсюль – вось такое напружаньне".

15 лютага мэдыі распаўсюдзілі аналітычную запіску экспэртаў аўстрыйскага банку Raiffeisen. Яны мяркуюць: толькі прыватызацыя і дэвальвацыя беларускага рубля могуць выратаваць беларускую фінансавую сыстэму. Яўген Прэйгерман кажа, што "насамрэч, такія ацэнкі ідуць ня толькі зь Вены":

"Я меў гутаркі з прадстаўнікамі некалькіх міжнародных фінансавых структураў яшчэ некалькі месяцаў таму. І яны, няхай і не наўпрост, казалі, што трэба чакаць магчымых вельмі сур'ёзных наступстваў, калі ня будуць прынятыя канкрэтныя захады. Хаця яны казалі, што нават пры пэўных захадах найхутчэй трэба чакаць, калі не шокавых, дык вельмі непрыемных зьяваў для беларускіх фінансаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG