Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салідарнасьць бурыць муры


Акцыі салідарнасьці прайшлі ў Варшаве і ў студзені

Акцыі салідарнасьці прайшлі ў Варшаве і ў студзені

Сёньня ў Варшаве і Вільні пройдуць акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і іх сем'ямі. У Варшаве на Замкавым пляцы будзе збудаваны сымбалічны мур. У Вільні пройдзе шэсьце да беларускай амбасады.

У Варшаве акцыя пад назвай "Салідарнасьць бурыць муры" стартуе а 17-й гадзіне паводле мясцовага часу і будзе складацца зь некалькіх частак, адной зь якіх будзе невялікі пэрформанс. Гаворыць адзін зь заяўнікаў Антось Цялежнікаў, прадстаўнік Зьвязу за дэмакратыю ў Беларусі:

“Будзе збудаваны такі сымбалічны мур з кардонных каробак, на якім людзі будуць пісаць слова "салідарнасьць" у падтрымку тых вязьняў, якія сёньня сядзяць. А калі гэтых надпісаў назьбіраем шмат, мы тады сымбалічна разбурым гэты мур, паказваючы такім чынам, што падтрымка людзей вельмі важная і салідарнасьць вельмі важная, бо можа спрычыніцца да вызваленьня сёньняшніх палітвязьняў. Будуць на акцыі іх партрэты, будуць раздавацца ўлёткі. І калі гэта тэхнічна атрымаецца, мы хочам паказаць відэашэраг падзеяў у Беларусі праз праектар. На адной сьцяне. Мы хочам перадусім прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў. Робім гэта ўсё ў такім турыстычным месцы як Замкавы пляц. Так што спадзяемся прыцягнуць увагу да тэмы зьняволеных".
Будзе збудаваны сымбалічны мур з кардонных каробак, на якім людзі будуць пісаць слова "салідарнасьць"

16 лютага салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі і іх сем'ямі таксама выкажуць у Вільні.

Там акцыя распачнецца а 16-й ля будынку былой турмы КДБ, дзе цяпер месьціцца музэй ахвяраў генацыду. Яе ўдзельнікі пройдуць шэсьцем да беларускай амбасады. Там адбудзецца мітынг салідарнасьці.

"Мы праводзім акцыю зь сябрамі, якія зьехалі зь Беларусі, бо больш няма магчымасьці там заставацца, – расказвае адзін з арганізатараў Уладзімер Кумец. – Тут у Вільні давераныя асобы Міхалевіча, Някляева, Раманчука. І мы вось хочам праявіць салідарнасьць зь беларускімі вязьнямі, бо ведаем, як ім складана. Мы лічым, што салідарнасьць павінна быць ва ўсім сьвеце – у Вільні, іншых гарадах".

Плянуецца, што ў акцыі, акрамя актывістаў штабоў кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі, возьмуць удзел прадстаўнікі беларускай дыяспары, студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, студэнты літоўскіх ВНУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG