Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найлепшы» гарадок у Цяцерыне


Да дзьвюх вандровак — атрымаліся ўлетку, адкуль фатаздымкі, ды ўзімку — у амаль паўтысячны пасёлак Цяцерына, ці, па-старажытнаму, Цяцерын, падахвочвала, здаецца, усё. Летась тут узьнік аднайменны аграгарадок. Гаспадарка тут жа стала найлепшай па ўраджайнасьці — 54 цэнтнэры з га — у рэгіёне. У дзеяньне ўвялі жывёлагадоўчы комплекс на 2 тысячы сьвіней, будуецца ўласны завод камбікармоў. Гаспадарку, уклаўшы ў яе 12 млрд. беларускіх рублёў, «выкупіў» сам «Беларусбанк».


І ў 2010 годзе гэтаму самаму старажытнаму паселішчу на Кругляншчыне споўнілася 610 год. Загадчыца раённага краязнаўчага музэю Вія Гапаева паказала мне запіс з хронікі падарожжаў з «варагаў у грэкі», дзе канстатуецца, што «плылі ў Цяцерын з Друцку, спыняліся на Кругах». Кажа спадарыня Вія.

Гапаева: «Паводле сьведчаньняў археолягаў, у 1873 годзе ля Цяцерына знаходзілася два гарадзішчы — на правым ды левым берагах ракі Друць, курган і магільнік, якія ўзорваліся і зараз зьнішчаныя. Цяцерын у 1430-м упамінаецца ў Акце вылучэньня на трон ВКЛ. І ў 15, 16, 17 вяках гэта было мястэчка, бо ўпаміналася ў Сьпісе рускіх гарадоў. Увогуле, Цяцерын знаходзіцца сярод лясоў, кажуць, было шмат цецерукоў. І стала назва...»

У Цяцерын мяне і майго спадарожніка, сябра грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Рамана Забэлу падкінуў на машыне 21-гадовы Сяргей. Ён тутэйшы, вучыцца ў сельгасакадэміі, толькі што ўладкаваўся інжынэрам па забесьпячэньні, таму папрасіў прозьвішча не называць — маўляў, яшчэ «ня мае права на ацэнкі». Тым ня менш у будучыню глядзіць, нібыта, з аптымізмам.

Сяргей: «Атрымліваюць усе тысяч 600 мінімум, У мяне таксама 600 — моладзі хапае, па 2 і 3 мільёны маюць мэханізатары на ўборцы...»

На цэнтральнай вясковай плошчы, дзе крамы і адміністрацыйныя будынкі, я спыніў выхавальніцу групы падоўжанага дня ў школе, па сумяшчальніцтве акампаніятарку ў Палацы культуры, спадарыню Біклеўскую. Тая пачала натхнёна.


Біклеўская: «У нас выдатныя заробкі. Дык і калгас на першым месцы. І тэхніка — нямецкія трактары ў нас. Да нас столькі людзей прыяжджаюць адпачываць — вадасховішча, рэчка. Крыніца — ёсьць рэчыва, што лекуе шчытападобную залозу, з бочкамі з Украіны прыяжджаюць. Аграгарадку году яшчэ няма, а ў школе ў верасьні год як капітальны рамонт зрабілі. У нас усе вуліцы заасфальтаваныя, платы паставілі....»

Карэспандэнт: «Мо яшчэ й заробкі падвысілі?»

Біклеўская: «Мала — у мяне 170 тысяч...» (Сьмяецца.)

Кабета прызналася, што адхланьне для сябе знаходзіць у тэатральным гуртку, які ладзіць па вёсках імправізаваныя сьвяты.

Біклеўская: «Зараз ежджу на „Падворкі“ ў шклоўскую вёску Александрыю. Ставіцца стол, выносіцца з хаты сала, кілбаса, а мы ў строях сьпяваем народныя песьні. Скарыстоўваем ручнікі, старажытныя покрывы, прадзем, ёсьць кошыкі, посуд стары — усё дабрачынна...»


Нашу размову перарваў спартсмэн у форме лыжніка, які ляцеў на ролерах па пустэльнай, дарэчы, пасярод працоўнага дня шашы. Праз сотню мэтраў убачыў трэнэра і бацьку 16-гадовага Лёшы — спадара Алега Рылькова. Той распавёў, што сын кожную трэніроўку «набягае» па 30 км, дзякуючы акурат таму, што ніякага дарожнага руху ў «перадавой» вёсцы не назіраецца.

Рылькоў: «Я сам з Круглага — там гравейка, а тут асфальт і ціхая дарога. Ролеркі пабудавалі ўсюды — у Шклове, Талачыне, а там ніводнага лыжніка, біятляніста. А тут аграгарадок — хоць адна карысьць...»

Карэспандэнт: «Во дзе нашы алімпійскія рэзэрвы куюцца — у Цяцерыне!»

Рылькоў: (сьмяецца) «У іх зь Цяцерына хлопец, сын трэнэра Цьвятаева, у зборнай Беларусі па біятлёне, на этапе кубку сьвету бег, на чэмпіянаце сьвету ў Італіі...»

Заходзім на адну з фэрмаў памянёнага жывёлагадоўчага комплексу.


Тут на дарошчваньні сьвіней працуюць дзьве стрыечныя сястры, якія спачатку пужаюцца мікрафона.

Сьвінаркі: «Мы без загадчыцы ня маем права казаць. Кормім, чысьцім, падсьцілаем — 580 выходзіць... А завуць Валя Штрубель...Таня Цалавальнік...»

Карэспандэнт: «А ў цябе за гэтай працай ёсьць час з мужам пацалавацца, дзяцей абняць?»

Цалавальнік: «Дзеці дарослыя, абед ёсьць, як паложана...»

Карэспандэнт: «Аграгарадок як узьнік — адчулі на сабе?»

Сьвінаркі: «Мы ў ім не жывем — мы з Прыганяў суседніх...»

Карэспандэнт: «Дык Прыгані таксама ў яго ўваходзяць...»

Сьвінаркі: «А-ай! Няўжо?! (Сьмех.) У нас ніякага асфальту, у палове хатаў няма людзей...»

Выходзім ізноў на цэнтральную дарогу Цяцерына, дзе ў часе пярэрвы на абед адпачываюць побач на лаўцы ўтрох — хударлявая кабета Надзея Мацкевіч, пажылы Мікалай Рашылаў і сьмяшлівы ягоны 22-гадовы пляменьнік Мікалай. Заводжу размову пра жыцьцё-быцьцё. Ацэнкі яго яўна не супадаюць з пачутымі перад тым размовамі.


Спадарства: «Я працую млынаром... Я ягонай жонкі сястра... Я ў ПМК працую мулярам — выходзіць каля „ляма“...»

Карэспандэнт: «А млынар колькі мільёнаў атрымлівае? Аграгарадок жа...»

Спадарства: (сьмяюцца) «300 тысяч! Які гарадок? Асфальт быў ужо пакладзены... Цэнтральную вулку зрабілі, а я на суседняй — ані прайсьці, ані праехаць...»

Карэспандэнт: «А цябе праца ў ПМК задавальняе?»

Спадарства: «У калгасе столькі не заробіш... Я ў бальніцы цяцерынскай — 10 ложкаў сястрынскага дагляду забітыя, у чарзе не дачакаюцца, калі хто памрэ. Таксама маю 300 тысяч. А ў паляводзтве 300–400, як пасяўная, а так 160 — во вам аграгарадок!»

Карэспандэнт: «Лёша, а ты хацеў бы ў прэзыдэнцкім доміку жыць тут побач?»

Спадарства: «Так сабе... Канечне, лепш Бацькаўшчыну адрамантаваць — там працы пасьля ПМК трэба! Усё сыплецца, шпалеры адклейваюцца і паліва шмат трэба...»

За які кілямэтар перад вачыма — паўтара дзясятка так званых прэзыдэнцкіх домікаў. На падворку аднаго зь іх бачу мажную гаспадыню — 48-гадовую спадарыню Зінаіду Хаміцкую. Чую ад яе тое ж, што рэзала слых ці ня ў кожным з аграгарадкоў.


Хаміцкая: «Клеілі самі шпалеры — паадвісалі. Столь цячэ, падлога пакуль не...» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Сьмех злавесны...»

Хаміцкая: «Сама працую жывёлаводам за 570 тысяч. Сьвіньні, кураняты ёсьць — пакуль гаспадарка невялікая. А праблемы ва ўсіх такія...»

* * *
Разам з Раманам Забэлам заходзім у сельсавет, дзе які месяц таму заступіла на пасаду сакратарка, спадарыня Тацьцяна Іванькова. Каб адказаць, яна кліча на дапамогу землеўпарадчыцу, спадарыню Марыю Канецкую.

Карэспандэнт: «Што зрабілі за гэты год для вяскоўцаў?»

Спадарыні: «Па-першае, пабудавалі адміністрацыйныя будынкі, кантору плюс культурны цэнтар і бібліятэку. Адрамантавалі мэхдвор, паставілі платы па цэнтральных вуліцах...»

Карэспандэнт: «Наколькі датацыйны бюджэт сельсавету?»

Спадарыні: «Уласная доля ў даходах — 62,7%. Разьвіцьцё асабістых гаспадарак яшчэ стараемся падтрымліваць...»

Карэспандэнт: «А наколькі скараціўся статак прыватных кароў?»

Спадарыні: «Было 100 кароў, цяпер 24 галавы. Пажылыя імкнуцца трымаць, а для маладых каровы — прывязка да двара, нікуды ня выехаць адпачыць ці на „левыя“ заробкі. Час страчаны...»

Карэспандэнт: «Зь якімі скаргамі і просьбамі людзі прыходзяць у Цяцерынскі сельсавет?»

Спадарыні: «Добраўпарадкаваньне магільнікаў, адлоў па зіме і восені бадзяжных сабак, вулічнае асьвятленьне, калодзежы — гарачай вады ўвогуле няма, газу...»

У часе вандроўкі мне раілі абавязкова завітаць да былога дырэктара школы часоў савецкага «застою», спадара Семянкова. Міхаіл Васільевіч, інвалід працы, пачаў адразу, так бы мовіць, з глябальнай палітыкі.

Семянкоў: «Вы ведаеце першы склад ЦК — хто там быў? Закаранелыя бандыты! Сталін хто? Ён жа рабаваў банкі! Людзі бедна жылі, таму што непрафэсіяналы займаліся толькі палітыкай. На каго сьпісаць паразы? Патрэбны зьнешнія і ўнутраны ворагі. І зьнішчалі ўсіх. У Цяцерыне рэпрэсаваных было напоўніцу. 11 чалавек было ўзята НКУС — прычым добрых, самых працавітых. Бо злосьць, даносы зьверху данізу. У каго хлеб на стале — кулак. Варашылаў даносіў на Ракасоўскага — а ты хацеў, каб у калгасе не было? (Сьмяецца.) Самы застой. Пры адным дурні даганялі Амэрыку — усё пад корань выразалі. Пры другім раскошай ахвяравалі — у краму зойдзеш, капыты конскія валяюцца...»

Карэспандэнт: «А Лукашэнка?»

Семянкоў: «Лукашэнка — сірата, дзьве вышэйшыя адукацыі і практыка. Вы думаеце, мы дрэнна жывем? А што — хацелі дарма грошы мець? А колькі мы мелі? Я з вышэйшай адукацыяй найбольш меў 95 рублёў. Мілы мой, Лукашэнка падняў Беларусь з кален, яна заняла годнае месца на міжнароднай арэне...»

Прызнаюся, ад спадара Семянкова выйшлі крыху зьбянтэжаныя. Сытуацыю тлумачыла хіба тое, што ў адказ на маё пытаньне, якімі крыніцамі інфармацыі суразмоўца сілкуецца, той адказаў — БТ і «Беларусь сегодня»...

У 57-гадовай праваабаронцы, спадарыні Зінаіды Мялешчанкі ацэнкі тутэйшага і ўсебеларускага жыцьця былі зусім іншыя.


Мялешчанка
: «У Цяцерыне дамоў пабудавалі, працаваць няма каму. А хаты — паставяць каробку, хай далей самі даводзяць да ладу. Але ў калгасьнікаў малы заробак, і самі яны ня ў стане. А дзеці ў людзей! І жывуць усё жыцьцё, як на вакзале. А пасьля яны пачынаюць разбурацца, бо праектуюць на нейкіх кінутых месцах — то на дрыгве, то ў нізінах. Паехала да сястры ў Расею ў агравёску — там дом, каля яго шэраг хлявоў. Яны лічаць, што калі чалавек жыве ў вёсцы, найперш мусіць трымаць прысядзібную гаспадарку. Хлявы ў іх вялікія, ня як у нас — „зьдзек лёсу“, добрая баба там можа толькі зайсьці і павярнуцца. Ацяпленьне — дровы ці торф, для іх няма навесу. Калі захацелі іх зрабіць гарадзкімі, будавалі б на палетках „пяціпавярхоўкі“, чым весьці камунікацыі па ўсім пасёлку!»

З актывістам грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Раманам Забэлам абменьваемся ўражаньнямі ад пачутага.


Забэла: «Што мы ўбачылі ў Цяцерыне? Крах палітыкі Лукашэнкі адносна аграгарадкоў. Гэты — самы лепшы на Кругляншчыне. Ад людзей, што займаюць кіроўныя пасады, даведваемся, што немагчыма тут зарабіць менш, чым 600 тысяч рублёў, а пачынаеш пытацца — па 170, 200, а млынар — 300 тысяч!»

Карэспандэнт: «За іншым часам быў бы адзін з найбагацейшых людзей у павеце...»

Забэла: «На 70% скарацілася пагалоўе прыватных кароў, людзі скардзяцца, што няма гарачай вады, асьвятленьня. І першае, што яны зрабілі, як цынічна ганарыцца сакратарка сельсавету, — адрамантавалі свае адміністрацыйныя будынкі. У аграгарадку людзей за людзей ня лічаць — трэба для сабе зрабіць дарогі, але ня даць зарабіць людзям грошы. На фэрме мы сустрэлі дзяўчыну з суседняй вёскі Прыгані, якая ня ведае, што жыве ў аграгарадку. Між тым на фэрме такі бруд, што парсюкі літаральна плаваюць у гнаі. Гэта і прысуд палітыцы аграгарадкоў, вынікі якой мы ўбачылі ў Цяцерыне...»
View Падарожжы Свабоды in a larger map
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG