Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 прэм’ераў зьвярнуліся да Менску


Кіраўнікі ўрадаў Аўстрыі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны і Чэхіі запатрабавалі спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

Сустрэча прэм’ераў адбылася сёньня ў славацкай сталіцы Браціславе і была прысьвечаная 20-годзьдзю стварэньня Вышаградзкай групы. У заяве, якую зьмяшчае сайт Міністэрства замежных справаў Славаччыны, кіраўнікі шасьці краінаў выказваюць сваю занепакоенасьць падзеямі пасьля “ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў” у Беларусі і заклікаюць улады неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў, зьняўшы зь іх усе абвінавачаньні. Кіраўнікі ўрадаў раяць Менску аднавіць мандат офісу АБСЭ, а таксама нагадваюць, што выбарчы працэс павінен адпавядаць стандартам АБСЭ.

Аўтары заявы таксама выказалі сваю падтрымку ўведзеным візавым санкцыям у дачыненьні да прадстаўнікоў афіцыйнага Менску і пацьвердзілі сваю цьвёрдую прыхільнасьць умацаваньню кантактаў зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю.

Кіраўнікі ўрадаў паабяцалі ўважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі і надалей кіравацца палітыкай “крытычнага ўзаемадзеяньня”, у тым ліку шляхам дыялёгу і ўдзелу ў праграме “Ўсходняга партнэрства”, пры ўмове захаваньня прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека.

Вышаградзкая група атрымала назву ад вугорскага гораду Вышаград, дзе ў 1991 годзе была падпісаная сумесная дэклярацыя краін-удзельніц аб імкненьні ў эўрапейскія структуры. Зь першапачатковай тройкі група стала чацьвёркай пасьля падзелу Чэхіі і Славаччыны.
XS
SM
MD
LG