Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі — новая хваля росту цэнаў на прадукты харчаваньня. Перадусім падаражэлі мяса, каўбасы, малочныя вырабы, цукар і крупы. Некаторыя прадукты на рынках сталі даражэйшымі, чым у дзяржаўных крамах. Як зьмяніліся цэны на Камароўскім рынку ў Менску?

Вырашчаныя ў Беларусі бульба, морква, чырвоныя буракі, цыбуля і капуста прадаюцца пры бакавым уваходзе ў крыты павільён Камароўскага рынку. Цэны — ад 2,5 да 3 тысяч за кіляграм. Прадавачкі сьцьвярджаюць, што цэны апошнім часам асабліва не зьмяніліся:

«Мне падаецца, што нашы цэны не зьмяніліся, галоўнае, каб да вясны не зьмяніліся. Бо вясной агародніна даражэе ў зьвязку з тым, што яе цяжка захоўваць усю зіму — дадатковыя расходы».

Пакупнікі беларускай гародніны ды іншых прадуктаў цьвердзяць, што цэны ўсё ж заўважна падвышаюцца. Прычым гэта тычыцца перадусім айчыннай прадукцыі — мандарыны, апэльсіны, бананы і іншыя цытрусавыя, паводле прадавачак, у коштах не падвышаліся. Але падаражэла беларускае малако ды каўбасы, і цяпер найлепшыя гатункі каштуюць 30–42 тысячы рублёў. Гутару з пакупнікамі на менскай Камароўцы:

Ці часта бываеце на Камароўцы, ці заўважаеце рост цэнаў?

У мяне такое ўражаньне, што цэны ўвесь час растуць: на гародніну — на тысячу-паўтары, сыр на дзьве тысячы даражэйшы, чым два тыдні таму. Натуральна, што мясныя прадукты….

— Цэны ўвогуле растуць на ўсё, нават выдзеліць штосьці цяжка — абсалютна на ўсё. Я студэнт, і гэта вельмі адчувальна.

Даражэюць прадукты, асабліва малочныя і мясныя.

Алей падаражэў — сёньня дакладна заўважыла, каўбасы.

Як вы лічыце, з чым гэта зьвязана?

Усё жыцьцё даражэе, асабліва цяпер: выбары прайшлі — трэба акупіць.

Але найбольш заўважна на Камароўцы падаражэла мяса — да 25 тысяч за кіляграм, што даражэй на 5–7 тысяч, чым некалькі тыдняў таму. Істотны рост цэнаў амаль цалкам адагнаў пакупнікоў ад мясных вітрынаў. Гутару з прадавачкай Аленай, якая бавіць час у чаканьні наведнікаў:

— Каля вашых прылаўкаў найменш наведнікаў. Чаму? Дорага для людзей?

— Канечне. Мяса падаражэла. Закупку паднялі — і ўсё. Кажуць, што у Расею адпраўляюць. Ужо тыдні тры гэтак.

— На вашых пакупніках вы гэта заўважылі?

— Канечне. Адчуваецца, што пакупніцкая здольнасьць людзей зьнізілася.

Сярод пакупнікоў Камароўскага рынку не знайшлося ніводнага, хто б не адзначыў новага росту цэнаў:

— Ці часта вы бываеце на рынку і ці заўважаеце рост цэнаў?

— Так, часта бываю і бачу гэтае падвышэньне ўвесь час: па-першае, хлебныя вырабы падаражэлі, малако і малочныя вырабы, масла за апошнія паўгода — у два разы, усё даражэе».

— Як вы лічыце, чаму?

— Казна пустая, а «бацьку» грошы патрэбныя — дзіўнае пытаньне задаяце.

— Як вы лічыце, як гэта паўплывае на дабрабыт людзей?

— Самі разумееце, што калі цэны растуць, а заробкі і пэнсіі на месцы, то які дабрабыт можа быць? Абураюцца ўсе, а ніхто нічога ня можа зрабіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG