Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Някляева: «На допыце ў мяне пыталіся пра падзеі 19-га»


Вольга Някляева

Вольга Някляева

Пра што пыталіся сьледчыя КДБ у жонкі Някляева Вольгі? Якая тэмпэратура ў камэрах ізалятара КДБ, калі на вуліцы за 20 марозу? Анатоль Лябедзька перакананы, што сваякам за яго ня будзе сорамна.

Чатыры гадзіны доўжыўся допыт у КДБ Вольгі Някляевай. Жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты дапытвалі ў якасьці сьведкі. Між тым паводле закону жонка можа адмовіцца даваць паказаньні па справе мужа, калі мяркуе, што гэтыя паказаньні могуць яму пашкодзіць:

— У мяне пыталіся пра падзеі 19-га.

— Пра ўсе падзеі, не зьвязаныя з Уладзімерам? Я правільна вас разумею?

— Так. Быў допыт. Мяне пыталі, я адказвала.

— Але ж вы на плошчы 19 сьнежня не былі. Што іх тады цікавіць?

— Іх цікавіць усё.

— Да 19 сьнежня ці пасьля 19-га?

— Паўтараю, іх цікавіць усё.

На допыце Вольгі Някляевай прысутнічаў яе адвакат. Паводле спадарыні Някляевай, былі моманты, калі яна, адказваючы на пытаньні сьледчага, адчувала патрэбу параіцца з адвакатам, але зрабіць гэта было немагчыма, таму што забаронена законам. Стаўленьне да сябе сьледчага Вольга Някляева назвала «нармальным».

Пра Ўладзімера Някляева жонка палітыка распавяла «Свабодзе», што ў яго па-ранейшаму баліць галава і засталіся праблемы са страўнікам. Комплекснае мэдычнае абсьледаваньне, на якім настойвае Вольга Някляева, яе мужу гэтак і не зрабілі. Па-ранейшаму Ўладзімеру Някляеву забароненыя кантакты зь іншымі людзьмі, у тым ліку з дачкой Евай. Апошнія сьледчыя дзеяньні з удзелам экс-кандыдата ў прэзыдэнты былі на мінулым тыдні, паведаміла Вольга Някляева.

14 лютага першы допыт адбыўся ў Алеся Міхалевіча. Падрабязнасьцяў жонка палітыка Мілана ня ведае, бо яшчэ не сустракалася з адвакатам. Вось што Мілане Міхалевіч вядома пра мужа са слоў адваката:

«Сказаў, што Алесь трымаецца, выглядае добра, на здароўе ня скардзіўся. Коратка пастрыгся — інакш там немагчыма той машынкай для стрыжкі, якую яму перадалі».

Я не зрабіў нічога, за што мне асабіста, вам альбо бацькам было б сорамна.
Сваякі атрымалі ліст ад Анатоля Лябедзькі. Лідэр АГП піша, што папраўляецца пасьля прастуды. Пра сябе Анатоль Лябедзька дадае: «Я не зрабіў нічога, за што мне асабіста, вам альбо бацькам было б сорамна, і ноччу я сплю як чалавек, які знаходзіцца ў згодзе са сваім сумленьнем».

Грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч атрымала ад яго «валянцінку» ў дзень закаханых. Жонка Аляксандра Фядуты Марына з мужавых лістоў зрабіла выснову, што ён большасьць яе пасланьняў не атрымлівае, і накіравала скаргу ў пракуратуру Менску. Са спасылкай на адваката Марына Фядута кажа, што ў Аляксандра на чацьвер, 17 лютага, прызначаны допыт. Марына Фядута непакоіцца за здароўе мужа, які мае праблемы зь ціскам. Зараз, у марозныя дні, жанчыну таксама непакоіць, ці ня мерзьне муж у камэры:

«Нічога ён пра гэта не пісаў. Цёплыя рэчы ўсе перадала, што магчыма. І цёплыя чаравікі з вусьцілкамі, і ўсё іншае. Дакладна, што не сьпякотна там, як кажуць. І ўсе перадалі дадаткова пледы, коўдры ды ўсё гэткае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG