Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У 2010 годзе былі забітыя 42 журналісты”


Гэта вынікае зь сёлетняй справаздачы “Атака на прэсу” Камітэту абароны журналістаў (CPJ). Больш за ўсё журналістаў загінула летась у Пакістане (8) і ў Іраку (5). З улікам пяці загіблых ужо сёлета журналістаў з 1992 году паводле CPJ у сьвеце загінула 850 журналістаў.

Значны разьдзел у дакладзе “Атака на прэсу” прысьвечаны Беларусі. CPJ выдзяляе два асноўныя накірункі атакі на свабоду слова ў Беларусі – пасьлявыбарчыя рэпрэсіі і ўзмацненьне кантролю за інтэрнэтам.

Пасьля разгону масавай акцыі, якая адбылася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, улады правялі ператрусы ў шэрагу СМІ, былі затрыманыя прынамсі 20 журналістаў. Вядучыя журналісты, такія як Натальля Радзіна, рэдактар апазыцыйнага сайта “Хартыя-97”, і Ірына Халіп, карэспандэнт маскоўскай "Новой газеты", утрымліваліся за кратамі да канца года. Прадстаўнікі службаў бясьпекі правялі ператрусы ў рэдакцыях асноўных незалежных СМІ, у тым ліку Эўрапейскага радыё для Беларусі і спадарожнікавага тэлеканалу "Белсат". Назіральнікі з Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе крытыкуюць урад за непразрыстасьць падліку галасоў і здушэньне сродкаў масавай інфармацыі.

Урад Лукашэнкі прыняў новы нарматыўны акт, які ўзмацняе кантроль за інтэрнэтам - як за кантэнтам сайтаў, гэтак і за асобнымі карыстальнікамі.

Аб’ектам ціску стала і Беларуская асацыяцыя журналістаў. У студзені Міністэрства юстыцыі запатрабавала, каб асацыяцыя спыніла юрыдычную дапамогу журналістам, скасавала сяброўскія карткі і спыніла выдачу сяброўскіх картак у будучыні.

Бадай што найбольш ціск на працягу году спазнаў Інтэрнэт-сайт “Хартыя-97”. У сакавіку міліцыя ў Менску правяла ператрус і канфіскавала ўсе кампутары і файлы рэдакцыі. Былі праведзеныя ператрусы ў кватэрах журналістак Ірыны Халіп і намесьніка рэдактара газэты "Народная воля” Сьвятланы Калінкінай, колішняга ляўрэата прэміі CPJ . Халіп і Калінкіна былі дапытаныя.

Цалкам справаздачу Камітэту абароны журналістаў глядзіце тут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG