Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: У Беларусі фармуюцца лабісцкія групы ўплыву ў нафтабізнэсе


Буйная расейская нафтагазавая кампанія "Славнефть" абвясьціла пра закрыцьцё свайго прадстаўніцтва ў Менску. Ці азначае гэта, што расейцы пачынаюць згортваць дзейнасьць у Беларусі?

У прэсавай службе "Славнефти" заяўляюць, што, прадстаўніцтва зачыняецца ў зьвязку з "аптымізацыяй дзейнасьці кампаніі". Пры гэтым супрацоўнікі не тлумачаць, як будзе ажыцьцяўляцца згаданая "аптымізацыя" ў прывязцы да Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, дзе доля "Славнефти" складае 42,5%, а яшчэ 42,76% кантралюе беларускі ўрад.

Між тым, як лічаць экспэрты, самі па сабе расейскія нафтавыя гульцы зь беларускага рынку ня зьнікнуць. На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леаніда Заікі, ва ўмовах падпісаных пагадненьняў пра дзейнасьць Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы існуе патрэба ажыцьцявіць "гарызантальную інтэграцыю", пры якой неабходнасьць у прадстаўніцтвах канкрэтнага суб'екта гаспадараньня збольшага адпадае, а ў працэсе руху капіталу будуць узьнікаць холдынгі з удзелам многіх прадпрыемстваў. Як кажа спадар Заіка, паступова зьмяняецца сама структура кіраваньня:

Леанід Заіка
"Зараз капітал пачаў працаваць больш мудра. Цяпер практычна ўсе асноўныя фінансавыя плыні ідуць празь беларускія банкі, якія сталі расейскімі. Настолькі спэцыфічная сыстэма хітраспляценьняў, што ўвогуле ніякіх прадстаўніцтваў і неабходнасьці нешта дзяліць не патрэбна. Таму што на ўнутранай эканамічнай прасторы нафту будуць структураваць зыходзячы з таго, дзе якія ёмістасьці яшчэ ёсьць, а дзе ўжо загружаныя, дзе лепшая якасьць перапрацоўкі і г.д. Таму зьмяняецца сама ўпакоўка, увесь эканамічны дызайн зьмяняецца. А тое, што расейскія кампаніі застануцца, дык гэта бясспрэчна. І зараз самае цікавае, як будуць фармавацца лабісцкія групы ўплыву ў нафтабізнэсе. То бок, хто і што тут атрымае. Вядома, на першыя ролі выйдзе Пуцін. Увогуле, час зараз проста ўнікальны. І што на гэтым тле нейкае прадстаўніцтва "Славнефти"? Мізэр, капейкі…"

Паводле спадара Заікі, беларускі рынак чакае татальнага перадзелу. Праектам пляну прыватызацыі на 2011—2013 гады прадугледжана зьмена формы ўласнасьці больш як 130 дзяржаўных суб'ектаў гаспадараньня, уключна зь некаторымі прадпрыемствамі нафтавага комплексу. Аналітык перакананы, што менавіта ў гэтым напрамку і будзе адбывацца "аптымізацыя" буйных гульцоў расейскай нафтахімічнай галіны, якія даўно прыглядаюцца да найбольш прынадных кавалкаў у Беларусі:

"Адзін з прыкладаў, так бы мовіць, "прыпуцінскай", набліжанай да яго кампаніі — гэта "Лукойл". І калі тут вырашаць, што аддадуць частку рынку — прыкладам, збытавога, спажывецкага, заправачнага — "Лукойлу", то гэта будзе адпаведны паказьнік. Таму што адпачатку "Лукойл" арыентаваны на Захад. У адрозьненьне ад іншых расейскіх кампаній, Крэмль дазваляе "Лукойлу" працаваць на вялікім Захадзе. З мэтай зандажу рынку кіраўнікі "Лукойла" неаднаразова сюды наведваліся; мы памятаем, што там і Ўрал Латыпаў быў працаўладкаваны — з тым, каб урэшце падмяць пад сябе беларускія НПЗ. У іх быў такі размах і, ва ўсялякім разе, Пуцін таксама ў гэтым зацікаўлены: чаму б не набыць пару заводзікаў зь ягонымі 40 мільярдамі? Чаму б і не замахнуцца, праўда? Таму гульня пайшла больш па-буйному. І з шахматнай дошкі прыбіраюць усе непажаданыя фігуры-канкурэнты".

Між тым ёсьць меркаваньне, што месца "Славнефти" ў Беларусі неўзабаве зоймуць адразу дзьве іншыя фірмы. Паводле некаторых зьвестак, два асноўныя заснавальнікі кампаніі — "Газпромнефть" і ТНК-ВР — вырашылі падзяліцца, і, такім чынам, на беларускім рынку могуць зьявіцца ўжо асобныя рэзыдэнты згаданых кампаній. Адпаведна, яны будуць прэтэндаваць на падзел долі "Славнефти" на Мазырскім НПЗ і ў сетцы аўтазалівачных станцый на тэрыторыі Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG