Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэтрын Эштан: Эўропе трэба раскашэліцца на Туніс і Эгіпет


Кэтрын Эштан, вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі, лічыць, што Эўразьвяз павінен прапанаваць Тунісу і Эгіпту неадкладную фінансавую дапамогу, калі хоча, каб гэтыя краіны ступілі на шлях дэмакратыі. Яе артыкул на гэтую тэму ў сёньняшнім выданьні Financial Times называецца "Эўрапейскі задатак на арабскую дэмакратыю". Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў гэтага артыкулу.

(...) Наша гісторыя вучыць нас, што перамога народнай улады – гэта толькі пачатак. Яна патрабуе часу, грошай і догляду для стварэньня асноваў трывалай, глыбокай дэмакратыі: ня толькі незалежных палітычных партый і сумленных выбараў, але і празрыстай адміністрацыі, бесстароньніх судзьдзяў, свабоды слова, заканадаўчага забесьпячэньня правоў уласнасьці і свабодных прафсаюзаў. Палітычныя і эканамічныя рэформы павінны ісьці рука ў руку. Разам яны ўзаемна дапаўняюцца; асобна, яны хутчэй за ўсё асуджаныя на паразу.

Навучаны досьведам свайго ўласнага кантынэнту, Эўразьвяз гатовы дапамагчы Эгіпту і Тунісу закласьці гэтыя асновы. Пасьля доўгіх гадоў застою, мы павінны прапанаваць новыя магчымасьці для вялікай колькасьці моладзі ў тым рэгіёне. Гэтае заданьне ставіць ня меншыя выклікі для ЭЗ, чым для тых краінаў, якія цяпер ступаюць на шлях да дэмакратыі. Уся наша палітыка суседзтва патрабуе асноўнага перагляду, і мы цяпер ужо пачынаем гэты працэс.

У якасьці першага задатку на рэформы, я ўжо ўступіла ў перамовы з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам, фінансавым інстытутам ЭЗ, пра магчымасьць мабілізаваць 1 мільярд эўра сёлета, нацэлены ў першую чаргу на Туніс, дзе я на гэтым тыдні сустрэнуся з новым урадам. Два тыдні таму прадстаўнікі туніскага міністэрства замежных справаў наведалі Брусэль на маё запрашэньне. Мы абмеркавалі сумесную праграму па ўмацаваньні грамадзянскай супольнасьці праз дапамагу ў барацьбе з карупцыяй, стварэньне празрыстай мясцовай адміністрацыі і цалкам незалежнай сыстэмы правасудзьдзя.

Гэта павінна быць толькі пачаткам. Я неўзабаве папрашу ў дзяржаваў-сяброў ЭЗ і Эўрапарлямэнту яшчэ адзін мільярд эўра для крэдытаваньня нашых паўднёвых суседзяў Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам, у тым ліку і Эгіпту, у бліжэйшыя гады дзеля падтрымкі дэмакратычных рэформаў. (...)

Але нам таксама павінна быць ясна, што мы можам зрабіць, а чаго мы ня можам і не павінны нават спрабаваць рабіць. Мы можам дапамагчы новым дэмакратыям вырашыць, як выбіраць сваіх кіраўнікоў, але мы не павінны ўплываць на тое, каго ім выбіраць. (...)

Некаторыя баяцца, што наша стратэгія – рызыкоўная, што калі Туніс і Эгіпет стануць дэмакратычнымі, іх народы могуць выбраць кіраўнікоў, якія павернуцца супраць Захаду і – у выпадку Эгіпту – падарвуць любыя пэрспэктывы ўсталяваньня трывалага міру на Блізкім Усходзе. Таму прадуктыўныя перамовы паміж Ізраілем і Палестынай зьяўляюцца ў цяперашні час больш важнымі, чым калі-небудзь раней, калі мы хочам, каб дэмакратычны Эгіпет застаўся саюзьнікам у імкненьні да гэтага міру. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG