Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканоміка сельскай гаспадаркі знаходзіцца ў агідным стане, заявіў прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч 15 лютага на пасяджэньні прэзыдыюму Саўміну па пытаньнях разьвіцьця аграпрамысловага комплексу і падрыхтоўкі да веснавых палявых прац.

Кіраўнік ураду нагадаў, што перад галіной стаяць вялікія задачы — выйсьці да 2015 году на 7 мільярдаў даляраў экспарту сельгаспрадукцыі, забясьпечыўшы пры гэтым дадатнае зьнешнегандлёвае сальда на ўзроўні 4 млрд. даляраў, паведамляе БелаПАН.

"Гэта вельмі цяжка. І цяжка таму, што ў прынцыпе эканоміка галіны знаходзіцца ў дрэнным стане. Нават, я б сказаў, у агідным", — падкрэсьліў прэм'ер-міністар.

Ён зазначыў, што ў прадпрыемстваў АПК вялікія даўгі. "Трэба вырашаць гэтае пытаньне", — канстатаваў Мясьніковіч.

Таксама ён зьвярнуў увагу на наяўнасьць вялікай колькасьці праграм па разьвіцьці аграпрамысловага комплексу. "Рэглямэнт працы расьпісаны на ўсе выпадкі жыцьця. Але праграмы самі па сабе не рэалізуюцца. Патрабуецца практычная праца і канкрэтны сыстэмны падыход", — зазначыў кіраўнік ураду.

Перш за ўсё, паводле слоў прэм'ер-міністра, неабходна аддаць увагу арганізацыйным пытаньням, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадраваму забесьпячэньню, пытаньням, зьвязаным з эканомікай галіны і прававым забесьпячэньнем.

Кіраўнік ураду закрануў пытаньне правядзеньня веснавой сяўбы. Мясьніковіч падкрэсьліў неабходнасьць арганізавана правесьці веснавыя палявыя працы, таму што гэта "практычна старт новай пяцігодкі".

Паводле зьвестак Белстату, на 1 сьнежня 2010 году запазычанасьць па крэдытах і пазыках сельскай гаспадаркі (уключна з арганізацыямі па абслугоўваньні сельскай гаспадаркі) складала 18,1 трлн. рублёў, пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць — 2 трлн. 184,3 млрд. рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG