Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 2007 году, калі расейскія датацыі значна скараціліся, Лукашэнка зрабіў пэўныя крокі па размарожваньні адносін з ЭЗ, міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, адмяніў большасьць сацыяльных ільготаў, паставіў перад урадам задачу, каб Беларусь увайшла ў лік 30 лепшых дзяржаў у сьвеце па спрыяльным інвэстыцыйным клімаце. У асяродзьдзі экспэртаў тады пачалася дыскусія пра магчымасьць зьмены беларускай сацыяльнай мадэлі.

Зразумела, у палітычную лібэралізацыю ніхто ня верыў. Але быў разьлік на тое, што пад узьдзеяньнем эканамічнай неабходнасьці ў краіне пачнуцца рынкавыя рэформы і можа рэалізавацца варыянт аўтарытарнай мадэрнізацыі, нешта кшталту кітайскай мадэлі.

І напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў здавалася, што такі варыянт цалкам рэальны. Быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў у кірунку эканамічнай лібэралізацыі. Пачаўся дыялёг паміж уладамі і бізнэс-супольнасьцю. Урад настойліва запрашаў у Беларусь замежных інвэстараў, даваў абяцаньні МВФ.

Былі прыкметы пэўных зьменаў нават у палітычнай сфэры. Лукашэнка цьмяна намякаў, што пасьля выбараў мы больш увагі будзем аддаваць палітычным партыям. Л. Ярмошына ў адным інтэрвію адзначыла, што магчымы пераход да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, калі выбаршчык галасуе не за кандыдата, а за партыю. Мусіць, гэта былі водгукі нейкіх дыскусій ва ўладных структурах.

То бок, магчыма, абмяркоўвалася пытаньне пра пераход да мадэлі "кіраванай дэмакратыі" паводле расейскага ўзору. Гэта калі дэмакратычныя дэкарацыі хаваюць за сабой аўтарытарны зьмест рэжыму. Напрыклад, у Расеі Крэмль стварае партыі, якія нібыта канкурыруюць між сабою, фармуе "канструктыўную апазыцыю". Першыя водблескі такога праекту мы ўбачылі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, калі ЦВК зарэгістравала дзевяць альтэрнатыўных кандыдатаў, які маглі выступіць на дзяржаўным радыё і тэлевізіі.

Але падзеі 19 сьнежня паламалі гэтыя пляны. Выбарчая кампанія цяжка траўмавала Лукашэнку. Выявілася, што да мадэлі "кіраванай дэмакратыі" беларускі рэжым не гатовы.
Выбарчая кампанія цяжка траўмавала Лукашэнку.
Прызвычаеная да простай і зразумелай схемы паводзінаў (усіх нязгодных — дубінкай па галаве) палітычная сыстэма проста не прыстасаваная да больш складанай і тонкай гульні. Хапіла двух месяцаў прэзыдэнцкай кампаніі, каб гэта зразумець. Пайшлі ў адстаўку кіроўныя чыноўнікі ідэалягічнай вэртыкалі (Н. Пяткевіч, А. Зімоўскі), якія штурхалі Лукашэнку да дэкаратыўнай палітычнай лібэралізацыі, пераконвалі, што гэта ня страшна для ягонай улады. Аказалася, страшна.

Якія ж з усяго гэтага можна зрабіць высновы?

Большасьць экспэртаў цьвердзяць, што падзеі 19 сьнежня паказалі: беларускую сацыяльную мадэль рэфармаваць немагчыма. З гэтым, хіба што, можна пагадзіцца. Рэфарматарскі патэнцыял сыстэмы аказаўся слабы.

Справа ня толькі ў тым, што Лукашэнка траўмаваны палітычнай лібэралізацыяй падчас выбарчай кампаніяй і таму баіцца любых пераменаў. І гэта робіць праблематычнай нармалізацыю дачыненьняў з Захадам. Ягоная праблема і ў тым, што цяпер гэта слабы прэзыдэнт з дэфіцытам і ўнутранай, і вонкавай легітымнасьці.

Апошняе відавочна. Яго крытыкуюць ня толькі ЗША, ЭЗ, але і прэзыдэнты Расеі, Украіны, Генэральны сакратар ААН. Нагадаю, што ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ёсьць пункт пра неабходнасьць новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Але існуе дэфіцыт і ўнутранай легітымнасьці. Прайшло ўжо амаль два месяцы з моманту прэзыдэнцкіх выбараў, а яму ўсё яшчэ даводзіцца даводзіць сваё права на прэзыдэнцтва з дапамогаю масавых рэпрэсій,
Лукашэнка - слабы прэзыдэнт з дэфіцытам легітымнасьці.
канструяваньня сусьветнай змовы, крымінальным перасьледам сямі кандыдатаў у прэзыдэнты. Невыпадкова ўпершыню Лукашэнка загаварыў пра існаваньне ў грамадзтве меншасьці, якая не падтрымлівае яго. Усе папярэднія гады ён даводзіў, што ўвесь народ аднадушна галасуе за ягоную палітыку, а апазыцыя — гэта кучка "адмарозкаў".

Слабасьць пазыцый Лукашэнка абумоўленая і тым, што краіна сутыкнулася з сур’ёзнымі праблемамі і выклікамі, разьвязаньне якіх не праглядаецца нават на даляглядзе. Канфлікт з Захадам і Расеяй рэзка зьмяншае магчымасьць даць ім рады, звужае поле для манэўру.

Усё гэта ставіць пад сумненьне і пляны эканамічнай лібэралізацыі. Бо яны пашыраюць прастору свабоды. І калі моцная і ўпэўненая ў сабе ўлада можа сабе дазволіць суіснаваць зь незалежнымі ад дзяржавы суб’ектамі гаспадараньня, то слабы кіраўнік гэтага баіцца.

Акрамя таго, як вядома, глыбокія рынкавыя рэформы — балючыя для грамадзтва. Існуе правіла, што непапулярныя пераўтварэньні можа праводзіць толькі папулярная і моцная ўлада. А яна цяпер гэтым пахваліцца ня можа. Таму магчыма, што скандалы вакол кампаній "Пінскдрэў" і "Данон-Юнімілк" — гэта першыя сымптомы згортваньня і эканамічнай лібэралізацыі.

Магчыма, вобраз мадэрнізатара падаўся Лукашэнку занадта рызыкоўным.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG