Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Зьмітра Дашкевіча рухаецца да суду


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

15 лютага лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч пачне знаёміцца з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы.

Напярэдадні адвакат Павал Сапелка адмовіўся камэнтаваць тое, ці хапае ў крымінальнай справе доказаў віны ягонага падабароннага:

"Вось заўтра азнаёмлюся і скажу, што там наконт базы даказаў".

Зьмітра Дашкевіча затрымалі яшчэ 17 сьнежня, за два дні да прэзыдэнцкіх выбараў паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. Лідэра "Маладога фронту" спачатку пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, якія Дашкевіч адбываў у ізалятары на Акрэсьціна, а адтуль адвезьлі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.

Дашкевічу выставілі абвінавачаньне ў злосным хуліганстве – нібыта разам з актывістам "Маладога фронту" Эдуардам Лобавым ён напаў і зьбіў двух менчукоў. Вядома, што Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў сваёй віны ад пачатку не прызнавалі і казалі пра правакацыю спэцслужбаў з мэтай ізаляваць іх напярэдадні выбараў.

За час знаходжаньня ў Жодзінскім СІЗА з удзелам Зьмітра Дашкевіча прайшло некалькі сьледчых дзеяньняў. Вязень паведаміў з турмы, што захварэў, моцна кашляе, ёсьць падазрэньні, што ў яго сухоты, але незалежнага прафэсійнага лекара да яго не пускаюць. Сваёй віны Зьміцер Дашкевіч гэтак і не прызнаў. Пагражае актывісту да 10 гадоў зьняволеньня.
Наста Лойка

Калі пачне знаёміцца з матэрыяламі справы “саўдзельнік” Дашкевіча Эдуард Лобаў? Праваабаронца Наста Лойка трымае сталы кантакт зь ягонымі сваякамі:

"Вось толькі сёньня размаўляла зь ягонай маці, яна ня ведала пра тое, што пачнуць знаёміць са справай Дашкевіча, але ў лістах ён пісаў, што 18 лютага і яго павінны пачаць знаёміць. Мяркую, на гэтым тыдні ён будзе азнаёмлены і справа пойдзе ў пракуратуру, а адтуль у суд."

Эдуарду Лобаву таксама выставілі абвінавачаньне ў злосным хуліганстве.

15 лютага выклікалі позвай у КДБ маладафронтаўца Зьмітра Ясевіча. Маладзёвы актывіст быў зьбіты на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня і патрапіў у шпіталь, магчыма, з-за гэтага ён пазьбег затрыманьня і суду ўжо адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Але, як высьветлілася, ад Ясевіча не адчапіліся. Днямі яму патэлефанавалі з вайсковай контрвыведкі КДБ і запрасілі на размову. Зьміцер адмовіўся ісьці бяз позвы.

Учора маладому чалавеку даслалі позву. Што дакладна ад яго хочуць, актывіст ня ведае, але не выключае і псыхалягічнага ціску:

"Магчыма, запужваюць маральна, каб чалавек прыйшоў ужо запужаны ды быў згодны на кантакт ці нешта іншае".

Праваабаронцы не выключаюць, што яшчэ аднаму чалавеку выставяць абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Усяго па матэрыялах справы 19 сьнежня праходзяць 42 чалавекі. Паводле зьвестак, справы 5 чалавек ужо завершаныя, 3 справы перададзеныя ў суды.
XS
SM
MD
LG