Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэцыя змагаецца за спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў


Марцін Угла

Марцін Угла

"Мы спадзяемся, што правілы для ўезду звычайных беларусаў ва ўсе краіны ЭЗ усё ж будуць спрошчаныя", – заявіў у размове са "Свабодай" кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла.

Ён падкрэсьліў, што аптымістам яго робіць сам ход кампаніі за бясплатныя візы для беларусаў. Кампанія была ініцыяваная прадстаўнікамі Östgruppen, а таксама іншымі праваабарончымі групамі з эўрапейскай кааліцыі Coalition for Europe Undivided by Visa Barriers неўзабаве пасьля сьнежаньскіх падзеяў у Беларусі.

Паводле Марціна Углы, напісаць адкрыты ліст ва ўрады эўрапейскіх краінаў і ў Брусэль праваабаронцаў падштурхнулі падзеі пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі, а таксама тое, што паміж рознымі краінамі ЭЗ існаваў шэраг неадпаведнасьцяў у пытаньнях эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Гэтыя неадпаведнасьці і былі галоўным недахопам Зьвязу, перакананы Угла.

У сваім пасланьні праваабаронцы падкрэсьлілі, што "правы чалавека не павінны быць прадметам кампрамісу", што "далейшы дыялёг ЭЗ зь беларускім рэжымам павінен грунтавацца на выразных патрабаваньнях адносна павагі да дэмакратыі і правоў чалавека".

Угла: "З аднаго боку, мы выступілі за візавыя санкцыі ў дачыненьні да кіраўніцтва краіны, а зь іншага боку — хочам спрасьціць візавыя працэдуры для звычайных беларусаў, пачаць з таго, каб зьменшыць кошты візаў, а потым перайсьці да таго, каб іх адмяніць, бо для звычайных людзей у Беларусі гэта цяпер вялікая праблема — трапіць у краіны ЭЗ. Мы хочам працягваць кампанію да таго часу, пакуль яна ня дасьць пэўнага выніку. Мы — аптымісты і лічым, што ёсьць шанец на пазытыўнае разьвіцьцё падзеяў".

"Свабода": "На чым грунтуецца ваш аптымізм?"

Угла: "Мы ўжо сталі сьведкамі таго, як асобныя краіны ЭЗ — Польшча, Эстонія, Нямеччына — прынялі рашэньні адносна бясплатных нацыянальных візаў. Гэта добры сыгнал і добры прыклад. Зразумела, шэнгенскія візы — гэта іншая рэч, больш працяглы працэс, які трэба штурхаць, каб ва ўсім ЭЗ пачалі штосьці рабіць у гэтым кірунку. Мы верым у зрухі, бо на ўзроўні кіраўніцтва ЭЗ ужо шмат сказана пра тое, каб спрасьціць гэтую магчымасьць. У Брусэлі кажуць, што ёсьць магчымасьць ажыцьцявіць гэта на практыцы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG