Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле ацэнак экспэртаў, захворваньні страўнікава-кішачнага тракту — самыя распаўсюджаныя сярод зьняволеных. Працяглае нэрвовае перанапружаньне, псыхалягічна цяжкае чаканьне суду, адваката, прысуду ў спалучэньні зь ня надта прымальнай ежай прыводзяць да гастрытаў і язваў. Пра тое, што ежа ў месцах зьняволеньня ў Беларусі няякасная і нават небясьпечная, сьведчаць і шматлікія атручэньні вязьняў.

Як адзначаюць пры гэтым самі зьняволеныя, у сыстэме турэмнага ўтрыманьня краіны ўсё ж ёсьць установа, дзе ад якасьці ежы, прынамсі, не памрэш.

"Хатняя" ежа ў СІЗА КДБ


Паводле рэдактаркі сайту "Хартыі" Натальлі Радзінай, якую 40 дзён трымалі ў "амэрыканцы", з голаду ў гэтай установе не памрэш. Вось прыблізнае штодзённае мэню гэтага СІЗА:

Раніцай "ангельскі" сьняданак: альбо аўсянка, альбо прасяная каша. У абед на першае — боршч ці суп, на другое — нейкая каша альбо макароны. На вячэру бурак зь селядцом, ці бульба зь селядцом, ці малочны суп. Усё па чарзе.

Лідэр незарэгістраванага Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных "Над бар'ерам", былы палітвязень Цімох Дранчук, які ў свае 30 гадоў мае досьвед утрыманьня ў розных турэмных установах, кажа, што ў параўнаньні зь іншымі сьледчымі ізалятарамі, ежу ў СІЗА КДБ можна нават назваць "хатняй". Што да “Валадаркі”, дзе гатуюць на мноства арыштантаў (прыкладна на дзьве тысячы), то гэта ўжо сапраўднае турэмнае харчаваньне.

"На Валадарцы — сапраўднае турэмнае харчаваньне"


Дранчук: "Там ежа такая, ад якой можна захварэць. Яна абсалютна няякасная. Па-першае, яна гатуецца на ненатуральных і вельмі шкодных тлушчах. Таму, па-першае, яе наагул вельмі цяжка назваць ежай, а па-другое, калі ўвесь час ужываць такую ежу, гэта паслабляе імунітэт настолькі, што пры некаторых іншых чыньніках, якія ёсьць на “Валадарцы” — гэта адсутнасьць сьвежага паветра, гэта ненармальная для пастаяннага жыцьця вільготнасьць — вельмі часта людзі з-за гэта пачынаюць хварэць ня толькі на гастраэнтэралягічныя захворваньні, але і на сухоты. Гэта ўжо ня кажучы пра розныя атручэньні. Атруціцца ежай, якую даюць на “Валадарцы”, — элемэнтарна. Калі мець на ўвазе нейкую мэдычную дапамогу, то на Валадарскага атручэньне ежай абсалютна ня лічыцца нейкай хваробай, тым момантам, калі трэба нечым мэдычным дапамагаць. Тут нават нейкага актываванага вугалю ад іх не атрымаеш".

"Для здароўя лепш галадаць"


Менскі лекар Генадзь сядзеў на Валадарцы ў часы, калі беларускай мэдыцынай кіравала міністар Людміла Пастаялка. Гэта быў час, багаты на гучныя мэдычныя карупцыйныя справы. Зрэшты, Генадзеву віну ў карупцыі, як было і яшчэ з шмат кім зь лекараў, у выніку так і не даказалі.

Як сьведчыць Генадзь, калі ў звычайным жыцьці ежа — альбо атрута, альбо лекі, то на “Валадарцы” гэта адназначна атрута. Тое, чым кормяць зьняволеных, пасуе для чаго заўгодна, але толькі не для страўніка. Калі турэмная страва застывае, яна камянее настолькі, што ёю можна цьвікі забіваць. Пры такім харчаваньні вельмі хутка ляцяць пячонка, ныркі, іншыя ўнутраныя органы.

"Калі ёсьць магчымасьць гэтага ня есьці, то лепш ня есьці і галадаць", — лічыць Генадзь. — "Бо ў такім выпадку болей шанцаў на выжываньне".

Калі ежа — альбо атрута, альбо лекі, то на Валадарцы яна адназначна атрута
Доктар прыводзіць прыклады, калі больш-менш дасьведчаныя ў мэдыцыне зьняволеныя, атрымліваючы чарговую пайку, ня кідаліся на яе, а ішлі да парашы і акуратна зьлівалі з талеркі ўсю вадкасьць, потым прамывалі рэшткі вадой з-пад крану, потым ізноў зьлівалі і зноў прамывалі — пакуль ня змыюцца ўсе камбітлушчы. Потым пачынаўся наступны этап — з талеркі выкідаліся гнілыя ды іншыя падазроныя кавалкі. Тое, што заставалася, залівалі кіпенем. Дадавалі яшчэ сёе-тое зь перадачак.

"Усё робіцца з гнілых, няякасных прадуктаў"


Пра тое, што турэмная баланда робіцца з гнілых прадуктаў, сьведчаць вельмі многія.

Дранчук: "Усё робіцца на вялікую колькасьць арыштантаў, прычым з прадуктаў, якія ёсьць. Гэта і гнілая бульба, і гнілая морква, даўно пратэрмінаваныя, гэтак мовіць, мяса ці рыба. З усяго, што давалі на Валадарцы, я з пэўнай цяжкасьцю мог ужываць боршч, калі яго давалі. Усё астатняе нават цяжка апісаць нармальнымі словамі, тым больш сказаць, як гэта называецца. Назваць жа гэта ежай язык не паварочваецца".

"Хлеб ды каша па-жодзінску"


Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч адбыў у зьняволеньні два з паловай гады. У жніўні 2008 году загадам прэзыдэнта ён быў вызвалены зь менскай калёніі № 1, а да гэтага адседзеў у некалькіх СІЗА. Паводле ягоных слоў, небясьпечны для здароўя можа быць нават турэмны хлеб. Уявіць, з чаго яго пякуць, чалавеку на волі вельмі цяжка.

Каменьчык у хлебе каштаваў мне зуба
"Так, на зоне пякуць свой хлеб. Я, вядома, не хлебапёк, але і тыя, хто яго пячэ, праўдападобна, таксама. Затое ў хлебе іншы раз трапляюцца каменьчыкі, што не заўсёды добра адбіваецца на здароўі. Каменьчык у хлебе ў Жодзінскай турме каштаваў мне зуба".

Пра падобныя выпадкі распавядалі Парсюкевічу і іншыя вязьні. Нярэдка арыштанты, пад'еўшы з апэтытам турэмнага хлеба, потым выкалупвалі з зубоў аскепкі шкла ўперамешку з кавалачкамі сьмецьця.

Моладзевы актывіст зь Менску, які назваў сябе Захарам, прабыў у Жодзінскім СІЗА з 19 сьнежня па 29 сьнежня. З таго часу зьявіліся праблемы са страўнікам:

"Тое, што нам там давалі, я ежай не лічу", — кажа малады чалавек. — "Капуста, суп на вадзе, нейкая вадзяная каша. Пасьля гэтага пачыналіся рэзі і болі ў жываце".

"Хлеб ды гарбата Акрэсьціна за 250 даляраў"


У чэрвені 2010 году ў СІЗА на Акрэсьціна апынуўся і 28-гадовы камэрунскі футбаліст Гі Франсуа Тукам. Яго затрымалі ў менскім аэрапорце па падазрэньні ў падробцы пашпарту. Камэрунец прыляцеў у беларускую сталіцу, каб згуляць у матчы на Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў за нарвэскі клюб IOF.

За сваё 40-дзённае турэмнае ўтрыманьне, у выніку якога ён схуднеў на 20 кілё, Гі Тукам заплаціў беларускім уладам 250 даляраў. Адзінае, чым увесь гэты час сілкаваўся замежны спартовец, — гэта пара кавалкаў белага хлеба ў дзень ды гарбата. Паводле ягоных слоў, турэмная ежа, якую давалі на Акрэсьціна, зусім не прыдатная для людзей. Тое, што завецца, напрыклад, супам, — гэта проста салёная вада. Пітной вады не было, толькі з водаправоду, надзвычай дрэннай якасьці.

Зразумела, харчаваньне было не адзінай праблемай Гі Тукама. Паводле ягоных слоў, да людзей у гэтай беларускай установе няма аніякай павагі.

У інтэрвію "Эўрарадыё" Тукам заявіў, што ніколі больш не паедзе ў Беларусь.

Да людзей тут няма аніякай павагі
Тукам: "Да людзей тут няма аніякай павагі. На 40 дзень у мяне зьявіліся думкі пра самагубства. Я пачаў думаць, што жыцьцё скончылася. Перадаю падзяку тым праваабаронцам, якія даставілі мне кнігі, ваду, некаторыя іншыя рэчы, заклікаю іх не спыняцца, змагацца далей, бо ёсьць людзі, якія ў гэтых турмах натуральна паміраюць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG