Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менгарвыканкам падалі дзьве заяўкі на правядзеньне вулічных акцый у Дзень Волі, 25 сакавіка. Прадстаўнікі палітычных партый і рухаў плянуюць сабрацца ля будынку Акадэміі навук, актывісты «Маладога фронту» — на плошчы Свабоды.

Лідэры шэрагу палітычных партый і рухаў просяць улады дазволіць мітынг і шэсьце ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы. Сябры Маладога фронту — ад плошчы Свабоды да плошчы Незалежнасьці. Гэтаму папярэднічала сустрэча з абмеркаваньнем магчымага супольнага маршруту, аднак да згоды ўдзельнікі перамоваў не прыйшлі. Вось як гэта патлумачыў намесьнік старшыні Маладога фронту Мікола Дземідзенка:

Мікола Дземідзенка
«На адной з сустрэч мы сказалі, што ня можам пагадзіцца на Акадэмію навук, бо, як паказваюць папярэднія гады, замоўленая акцыя ад Акадэміі навук да Янкі Купалы насамрэч будзе да плошчы Бангалор. Гэта замыкае апазыцыю і ўсіх людзей у штогадовым фармаце, калі ўлада навязвае свой шлях, каб людзі мітынгавалі там, дзе ёй зручна. Мы на гэта пагадзіцца не маглі, ведаючы пра тое, што каля 50 чалавек праходзяць па крымінальнай справе, якія выходзілі на акцыю ў цэнтар горада і не баяліся гэтага».

За традыцыйнае шэсьце ад Акадэміі навук падпісаліся лідэры руху «За свабоду», «Гавары праўду», «Разам», Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі». У слушнасьці такога маршруту і фармату акцыі запэўнівае адзін зь лідэраў руху «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў (справа)
«Асноўная мэта — каб акцыя мела дазвол, каб людзі маглі прыйсьці выказаць сваю салідарнасьць і ня быць затрыманымі. Каб паказаць паніжэньне градусу супрацьстаяньня апазыцыі і ўлады. Бо калі ізноў гэта будуць затрыманьні, калі гэта будуць праблемы для людзей, то гэта толькі пашкодзіць усяму апазыцыйнаму руху».

Як паведаміў Андрэй Дзьмітрыеў, у залежнасьці ад пазыцыі ўладаў магчымы маршрут шэсьця на Дзень Волі будзе карэктавацца пазьней. У кожным разе адбудзецца і альтэрнатыўная акцыя маладафронтаўцаў. Вось як гэта камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

Аляксандр Класкоўскі
«Аналітыкі цьвердзілі, што палітычная апазыцыя аб’ядналася на глебе патрабаваньня вызваленьня палітычных вязьняў. Апынулася, што нават з гэтай высновай яны пасьпяшаліся. Два шэсьці, хоць ляйтматыў, нібыта, адзін — вызваленьне палітвязьняў. І ў кожнага бока свая праўда, але гэта той выпадак, калі прадэманстраваць кансалідацыю важней за ўсё. Пэрманэнтнасьць апазыцыі, яе няўменьне ці няздольнасьць дамаўляцца — гэта і ёсьць рэалізацыя галоўнага сцэнару ўладаў».

Акцыя дэмакратычных партый і рухаў на Дзень Волі 25 сакавіка пройдзе пад лёзунгамі «Свабода палітвязьням!» і «Беларусь будзе вольнай!», маладафронтаўцы прапануюць таксама лёзунг «Саша, сыходзь!».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG