Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лара Даўнз да рэпрэсаваных у Беларусі: “Свабода прыйдзе хутка да ўсіх прыгнечаных...”


12 лютага ў польскім пасольстве ў Вашынгтоне знакамітая амэрыканская піяністка Лара Даўнз дала канцэрт музыкі Шапэна і Барбэра, у якім заключны нумар прысьвяціла ўсім ахвярам рэпрэсіяў у Беларусі.

Напярэдадні канцэрту мы запыталіся ў Лары, адкуль у карэннай амэрыканкі такое зацікаўленьне да Беларусі і такое веданьне пра беларускія палітычныя падзеі. Ці была яна хоць раз у Беларусі з візытам ці з гастролямі?

я стала вельмі зацікаўленай і неабыякавай, і захацела хоць неяк унесьці свой уклад дзеля таго каб прывесьці увагу на сытуацыю (у Беларусі)
Даўнз:
“Ніколі не была ні зь візытам, ні з гастролямі. Магчыма, што некаторыя з маіх продкаў паходзяць з суседніх зь Беларусьсю земляў. Аднак, пра сытуацыю у Беларусі мне расказаў сябра Карл Гершман, зь якім я пазнаёмілася летась у Мэксыцы. У нас аказалася супольным зацікаўленьне магчымасьцямі культурных абменаў і сацыяльнай справядлівасьці шляхам мастацтва. Ён чуў мае канцэрты твораў Шапэна, мае расповеды пра кампазытара – і у нас разгарнуліся дыскусіі пра магчымасьці мастацтва і музыкі ў глябальным сэнсе. Ён пасылаў мне свае артыкулы, дзяліўся думкамі – так распачаўся паміж намі і дыялёг пра Беларусь. Я пачала сама шукаць інфармацыю..

Між іншым, адначасова я працую над праектам паводле музыкі Дзюка Элінгтана. І я адчула, наколькі вялікі ўплыў у мінулым стагодзьдзі мелі на справу прасоўваньня правоў чалавека менавіта музыкі – ня толькі у ЗША, але і па ўсім сьвеце. Такім чынам, усё неяк сышлося, я стала вельмі зацікаўленай і неабыякавай, і захацела хоць неяк унесьці свой уклад дзеля таго каб прывесьці увагу на сытуацыю (у Беларусі)”.

Уступнае слова на суботнім канцэрце сказаў намесьнік місіі польскага пасольства ў Вашынгтоне Мацей Пісарскі, які, узгадваючы падзеі ў Беларусі 19-га сьнежня, падкрэсьліў як дарэчы, што Лара Даўнз прысьвячае адзін з твораў рэпрэсаваным у Беларусі.

А вось што, у прыватнасьці, сказала сама Лара перад сваім выступам.

Даўнз: “Апошні твор, які я хачу вам сыграць, гэта цудоўнае шапэнаўскае Spianato і Grande Polonais. Шапэн заўсёды сябе адчуваў польскім выгнаньнікам і праз сваю музыку выказваў свой боль і абурэньне брутальнымі рэпрэсіямі, якія абрынуліся на Польшчу пасьля Лістападаўскага паўстаньня, што прывяло да яго пажыцьцёвага выгнаньня.

Каб акрэсьліць сваю уласную музыку, Шапэн ужываў польскае слова “жаль”. У слове “жаль” увесь дыяпазон эмоцыяў, якія нараджаюцца ад моцнага шкадаваньня. Сэрца Шапэна балела за Польшчу усё жыцьцё, і перад сьмерцю ён папрасіў вярнуць сваё сэрца на Бацькаўшчыну. Яно пахаванае ў Варшаве ў урне з надпісам: “Дзе твой скарб, там тваё сэрца!”

Я прысьвячаю гэты выступ тым, хто цярпіць сёньня ад рэпрэсій у Беларусі, з надзеяй, што, як заўсёды, свабода прыйдзе хутка да ўсіх прыгнечаных
Жаль шапэнаўскай музыкі перагукваецца з сардэчным болем самой Польшчы, якая перажыла два стагодзьдзі акупацыі. І сёньня, праз 200 гадоў пасьля нараджэньня Шапэна, вольная і незалежная Польшча на чале барацьбы супраць рэпрэсіўнага рэжыму ў суседняй Беларусі. Варшава, сыходзячы з уласнага вопыту мужнага супраціву рэпрэсіям, заклікае да моцнай і аб’яднай міжнароднай рэакцыі на брутальнае падаўленьне народнага пратэсту пасьля сьнежаньскіх выбараў у Беларусі.

У 30-ю гадавіну польскай “Салідарнасьці” дарэчы працытаваць верш польскага паэта Чэслава Мілаша:

Ты, што пакрыўдзіць пасьмеў чалавека,
Боль і пакуты зьняважыўшы сьмехам...
Можаш забіць яго – зьявіцца новы.

Таксама я хацела б працытаваць прэзыдэнта Абаму, які на мінулым тыдні ў сувязі з падзеямі ў Эгіпце паўтарыў словы Марціна Лютэра Кінга: “У душы ёсьць нешта, што прагне свабоды”. Я ведаю, тое, што сёньня Польшча свабодная і можа адстойваць заклік да свабоды сваіх суседзяў, вельмі усьцешыла б Шапэна.

Я прысьвячаю гэты выступ тым, хто цярпіць сёньня ад рэпрэсій у Беларусі, з надзеяй, што, як заўсёды, свабода прыйдзе хутка да ўсіх прыгнечаных”.
XS
SM
MD
LG