Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Foreign Policy: За Мубаракам трэба пайсьці і Лукашэнку


Амэрыканскі двухмесячнік Foreign Policy ў матэрыяле "Хто наступны" задаецца пытаньнем, хто з аўтарытарных палітычных кіраўнікоў сьвету павінен сысьці пасьля Хосьні Мубарака ў Эгіпце. У сьпісе пяці "тыранаў", складзеным для часопісу арганізацыяй Freedom House, пад нумарам пятым стаіць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Сьпіс адкрывае кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір, які кіруе краінай з 1994 году. Перад ім 46 гадоў Паўночнай Карэяй кіраваў ягоны бацька, Кім Ір Сэн. Паколькі пасада прэзыдэнта засталася назаўжды замацаваная ў канстытуцыі 1998 году за Кім Ір Сэнам, Кім Чэн Ір кіруе дзяржавай як старшыня Нацыянальнага камітэту абароны. Часопіс нагадвае, што Кім Чэн Ір, які недамагае, імкнецца ўсталаваць палітычным пераемнікам свайго сына Кім Чэн Уна. Ацэньваецца, што ў Паўночнай Карэі каля 150 тысяч чалавек знаходзяцца ў турмах і працоўных лягерах па палітычных прычынах.

Пад нумарам другім у сьпісе знаходзіцца кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі, які знаходзіцца ва ўладзе з 1969 году. У Кадафі няма ніякага афіцыйнага званьня ці пасады. Паводле ацэнак, у Лібіі каля паўтысячы палітычных вязьняў.

Нумар тры – 86-гадовы Робэрт Мугабэ, прэзыдэнт Зімбабвэ з 1987
году. У пачатку сваёй кар’еры Мугабэ быў на Захадзе ўспрыманы як герой нацыянальна-вызваленчага змаганьня свайго народу супраць белых калянізатараў, як другі Нэлсан Мандэла. Цяпер Мугабэ паўсюдна лічыцца адным з найбольш крывавых і жорсткіх дыктатараў у сьвеце. Зімбабвэ – краіна-рэкардсмэнка па тэмпах зьбядненьня і інфляцыі.

Нумар чатыры – браты Кастра, Фідэль (нар. 1926) і Рауль (нар. 1931), на Кубе. Іхная ўлада пачалася з Кубінскай рэвалюцыі 1959 году. Фідэль, з увагі на стан здароўя, перадаў кіраўніцтва дзяржаўнымі справамі Раулю ў 2006 годзе.

Пра Аляксандра Лукашэнку (нумар пяць) Foreign Policy адзначыў:

"Аляксандра Лукашэнку па праву называюць апошнім дыктатарам Эўропы. І сапраўды, 16 гадоў ягонага кіраваньня ўчынілі зь Беларусі палітычную і эканамічную пустэчу. У глыбіні душы Лукашэнка застаецца чалавекам эпохі Брэжнева: яго спэцслужба ўсё яшчэ карыстаецца абрэвіятурай КДБ. Лукашэнка выкарыстаў кожны трук з падручніка аўтарытарызму, каб маргіналізаваць апазыцыю. (...) Нягледзячы на ягоную жорсткасьць, пазыцыя гэтага палітычнага дыназаўра далёка не бясьпечная. Лукашэнка "афіцыйна" атрымаў неверагодную падтрымку 80 адсоткаў галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні мінулага году, але вынікі былі шырока асуджаныя як ашуканскія. І калі тысячы дэманстрантаў выйшлі на вуліцы Менску, спэцназаўцы не пашкадавалі дубінак і арыштавалі сотні дэманстрантаў. Сярод арыштаваных знайшліся і кандыдаты ад апазыцыі, некаторыя з якіх апынуліся пад пагрозай турэмнага зьняволеньня на больш чым 10 гадоў. Лукашэнка зьдзекліва пракамэнтаваў: "Больш бесталковай дэмакратыі ў краіне ня будзе".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG