Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісьці ці не ісьці?


Пару дзён таму атрымліваю тэлефаваньне: “Александра Вячеславовна? Комитет государственной безопасности вас беспокоит. Зайдите к нам, побеседуем». Кажу: «Дасылайце позву». Малады мужчынскі голас шчыра (ці ўяўна) здьздзіўляецца: “А в чем проблема, я не понимаю, прийти поговорить?»

У чым праблема?

Дыктатарскія і незалежныя сілы выстройваюцца па розныя бакі ад мяжы паміж дабром і злом
Вельмі рэдка ў гісторыі і жыцьці здараюцца такія моманты, калі ты ясна разумееш – гэта чорнае, гэта белае, і рашэньне, на якім баку быць, ёсьць відавочным. Але ў Беларусі такія момант выпадаюць пэрыядычна – раз на пяць гадоў, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Калі дыктатарскія і незалежныя сілы выстройваюцца па розныя бакі ад мяжы паміж дабром і злом. Як казаў Бродскі: “Мне ўсё адно, ёсьць партыя ці няма партыі, для мяне ёсьць толькі дабро і зло”.

Толькі дзьве падзеі апошніх дзён, на маю думку, вартыя ўвагі грамадзтва – удзел незалежных беларускіх аўтараў і выдаўцоў у Менскім кніжным кірмашы і зварот Віктара Івашкевіча да аўдыторыі Радыё Свабода з пытаньнем, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць яму ў ток-шоў АНТ. Сама магчымасьць гэтых падзей перакрэсьлівае ўсё, што адбывалася з намі ў апошні месяц.

Да 19 сьнежня яшчэ можна было друкавацца ў “Зьвязьдзе” і “СБ”, але пасьля 19 сьляпому і глухому мае быць зразумела, што, прамаўляючы на пляцоўцы, створанай і дазволенай дыктатурай, ты гаворыш яе голасам
Менскі кніжны кірмаш Міністэрства інфармацыі цэніць нароўні са “Славянскім базарам”, “Тэлевяршыняй”, мэдыяфорумам “Партнэрства ў імя будучыні” і іншымі ідэалягічнымі імпрэзамі. Удзел у ім пісьменьнікаў і выдаўцоў ёсьць страшнай стылістычнай памылкай, што для творцы роўна самагубству. Сапраўды, творцу дазволена быць “над палітыкай”, але чульлівасць да настрояў грамадзтва – болю, несправядлівасьці, салідарнасьці – адрозьнівае сапраўднага творцу ад ардынарнага фіксатара штодзённасьці. Да 19 сьнежня яшчэ можна было друкавацца ў “Зьвязьдзе” і “СБ”, але пасьля 19 сьляпому і глухому мае быць зразумела, што, прамаўляючы на пляцоўцы, створанай і дазволенай дыктатурай, ты гаворыш яе голасам. Усё, што ты скажаш, будзе прысабечана ўладай і выкарыстана для яе мэтаў.

Страшная – добраахвотная! – прысутнасьць сапраўды найлепшых імёнаў незалежнай беларускай літаратуры побач з Анатолем Рубінавым і Мікалаем Чаргінцом. Калі гэты вобраз незразумелы, уявіце сабе фатаздымак кшталту “Х і Слабадан Мілошавіч” ці “N і Іосіф Сталін”. Як вы апынуліся побач? Вас выклікалі пагаварыць? Ці вы прыйшлі самі? Вы будзеце ганарыцца гэтым здымкам?

Мне цяжка зразумець ваганьні сп. Івашкевіча што да ўдзелу ў ток-шоў на АНТ. Пасьля столькіх марных спробаў, улічваючы зусім нядаўні паход Уладзімера Мацкевіча на круглы стол у “Советской Белоруссии”. Калі вагаецеся, не хадзіце, гаварыце ад сябе і са свайго месца.

Незалежныя пісьменьнікі яшчэ ня могуць адстойваць маральныя прынцыпы беларусаў, а незалежныя палітыкі ня хочуць прамаўляць ад іх імя
Тыя беларусы, якія былі так расчараваныя “мяккасьцю” прынятых ЭЗ санкцый супраць афіцыйных уладаў, якія чакалі, што нехта магутны і аўтарытэтны жорстка і справядліва пакарае “іх” за ўсе “нашыя” пакуты; тыя, хто так зларадна радаваўся і абгрунтоўваў ўнясеньне Ганны Шадрынай ў сьпісы неўязных, – у чым, як казаў той супрацоўнік КДБ, вашая праблема?

Я думаю – у тым, што незалежныя пісьменьнікі яшчэ ня могуць адстойваць маральныя прынцыпы беларусаў, а незалежныя палітыкі ня хочуць прамаўляць ад іх імя.

Пагаворым пра гэта?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG