Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: «Ніякага расколу ў Партыі БНФ няма»


Сойм Партыі БНФ прыняў заяву ў сувязі зь дзеяньнямі шэрагу сяброў Менскай гарадзкой арганізацыі. 11 лютага больш за 80 сяброў Партыі БНФ заявілі пра выхад з партыі і заснавалі аргкамітэт палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку «Беларускі Рух».

У сойме ня бралі ўдзелу Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, якія пакуль ня выйшлі з Партыі БНФ, але ўвайшлі ў склад аргкамітэту «Беларускага Руху». Юры Хадыка быў на сойме ад імя грамадзкага аб’яднаньня БНФ, але пацьвердзіў інфармацыю пра свой выхад з Партыі БНФ. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў пра стаўленьне да апошніх падзеяў у партыі:

Аляксей Янукевіч
«Наша ацэнка: безумоўна, гэта сумны факт, што дэ-факта выхад гэтых людзей адбыўся пасьля мінулага зьезду. Яны, канечне, заставаліся ў партыі, але ня ўдзельнічалі ні ў адной з кампаній Партыі БНФ. Ня ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, на вялікі жаль. Вялікая частка зь іх брала ўдзел у кампаніі іншага кандыдата, які ня толькі не зьяўляецца сябрам партыі, але і стаіць на вельмі спрэчных для нас ідэалягічных і геапалітычных пазыцыях. А зараз толькі дэ-факта аформлены гэты выхад. Яна чакалі ўвесь мінулы год, што прэзыдэнцкая кампанія будзе праведзена Партыяй БНФ няўдала, што мы не зьбяром подпісы і ня здолеем зарэгістраваць свайго кандыдата, ня здолеем з гэтым кандыдатам правесьці моцную кампанію. Аднак усё гэта Партыя БНФ зрабіла».

Паводле Янукевіча, у рэгіянальных структурах ёсьць поўная еднасьць і давер да кіраўніцтва. Ён лічыць, што не па ідэалягічных, а па асабістых прычынах ініцыятары «Беларускага руху», якія не жадалі надалей ўдзельнічаць у працы партыі, вырашылі фармальна пацьвердзіць пра свой сыход. Спадар Янукевіч адзначыў, што называць гэта расколам было б сьмешна і неадэкватна.

«Ніякага расколу ў Партыі БНФ няма. Ёсьць поўнае адзінства. Ніводзін зь сяброў ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва гэтую заяву не падпісаў. Усе нашы рэгіянальныя структуры працягвалі і працягваюць працаваць у поўнай згодзе з цэнтральным офісам. Таму можна казаць пра адыход нейкай невялікай часткі сяброў Менскай гарадзкой арганізацыі, ня больш за тое».

Вінцук Вячорка
Паводле Вінцука Вячоркі, новая палітычная арганізацыя зойме свабодную нішу. Яна будзе «пасьлядоўна незалежніцкай, без ілюзіяў наконт Расеі, і разам з тым пасьлядоўна прадэмакратычнай і антыдыктатарскай». Вячорка кажа пра ідэйнае разыходжаньне, а не арганізацыйны раскол.

«Дарэмна ўжываць такое слова. Проста бессэнсоўна марнаваць час, сілы, нэрвы на дыскусіі, спрэчкі з тымі, зь кім ёсьць глыбокія палітычныя разыходжаньні. Гэтыя глыбокія палітычныя разыходжаньні намеціліся даўно і асабліва праявіліся пасьля вядомага развароту Эўропы, а разам з Эўропай сынхронна ў 2008 годзе некаторых палітычных дзеячаў, у стаўленьні да рэжыму. Яны праявіліся ў самім БНФ, і на гэтых пазыцыях калябарацыі стаіць цяперашняе кіраўніцтва. Гэта ёсьць ідэйнае разыходжаньне».

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў называе заснаваньне «новай віртуальнай палітычнай сілы мэдыйным крокам». Ён лічыць, што Партыя БНФ ня будзе гэта рэзка крытыкаваць ці ўхваляць. Яна возьме курс на кансалідацыю дэміслаў у межах нацыянальна-дэмакратычнай плятформы «Беларускі выбар» і Беларускага незалежніцкага блёку.

«Зараз мы бачым сыход людзей і фармаваньне чарговага віртуальнага аргкамітэту, які для беларускай палітыкі вядомая рэч. Калі ў цябе няма палітычнай партыі, а ёсьць групоўка некалькіх чалавек, ну, назаві сябе „аргкамітэтам“ і назаві сябе „рухам“. Гэта дасьць магчымасьць надзімаць шчокі і адчуваць сябе сур’ёзным палітычным дзеячам. Так што гэта не раскол. Бо гэтыя людзі ў стваральнай палітычнай дзейнасьці ў межах партыі ня ўдзельнічалі».

Сёньня ж сойм абмеркаваў кампанію салідарнасьці з палітвязьнямі, працяг збору паручальніцтваў і падрыхтоўку да адзначэньня 25 сакавіка. Таксама абмеркаваная палітычная сытуацыя ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG